У Беларусі сфармавалі тэрытарыяльныя камісіі па выбарах прэзідэнта

30.09.2010 13:24
Архив Редакция

У Беларусі завяршылі фармаванне тэрытарыяльных камісіяў па выбарах прэзідэнта краіны. У склад 155 камісіяў увайшлі 2 тыс. чалавек. З іх 50% — прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, 33,5% — грамадзяне, якія вылучалі свае кандыдатуры шляхам падачы заяў, 16,5% — прадстаўнікі працоўных калектываў. Пра гэта паведаміў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

У асноўным усе тэрытарыяльныя камісіі фармаваліся ў максімальным складзе — па 13 чалавек. Найбольшая колькасць месцаў атрымалі грамадскія аб’яднанні — 44%, з іх 11,7% дасталіся прадстаўнікам ФПБ, 7,4% — «Белай Русі», 7,1% — БРСМ, 5,6% — Беларускаму саюзу жанчын, 4,8% — Беларускаму грамадскаму аб’яднанню ветэранаў, перадае БелТА.

У склад камісіяў увайшло толькі 14 прадстаўнікоў апазіцыйных партый

Па словах Мікалая Лазавіка, практычна ўсе заяўкі на ўключэнне ў склад камісій, пададзеныя палітычнымі партыямі, былі здаволеныя. Тым не менш, праз тое, што партыйных вылучэнцаў было мала, у камісіях яны атрымалі толькі 6% месцаў.

Удзельнічаць у працы камісіяў будзе 87 прадстаўнікоў Камуністычнай партыі Беларусі, 14 — Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, шэсць — Аб’яднанай грамадзянскай партыі, пяць — Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», два — Партыі БНФ, па адным ад Беларускай аграрнай партыі і Беларускай сацыяльна- дэмакратычнай партыі (Грамада).

Мікалай Лазавік таксама адзначыў, што ў кастрычніку ЦВК пачне серыю рэгіянальных семінараў для кіраўнікоў тэрытарыяльных камісіяў.

Как вам новость?