У Беларусі ўсталявалі помнікі студэнтам

18.11.2010 10:53
Архив

Да Дня студэнта 17 лістапада ў Беларусі ўсталявалі два помнікі студэнтам: адзін у Мінску ў фае чацвёртага корпуса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР), другі - у Полацку каля будынка факультэта інфармацыйных тэхналогій Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта (ПДУ).

Усталяваная ў БДУІР паўметровая скульптура аўтарства мінчука Дзмітрыя Аганава адлюстроўвае сучаснага студэнта факультэта камп’ютарных сістэм і сетак БДУІР. У руках ён трымае ноўтбук, а на спіне ў яго заплечнік, паведамляе БелаПАН.

Як заявіла прарэктарка ўніверсітэта па вучэбнай працы і мэнэджменце якасці Алена Жывіцкая, гэта вельмі адораны і працаздольны студэнт, бо на факультэт паступаюць маладыя людзі з максімальным сярэднім балам па ВНУ, падчас сесіі яны таксама атрымліваюць самы высокі сярэдні бал.

Паводле яе слоў, скульптура ва ўніверсітэце ўстаноўлена ўпершыню. «Характэрна, што гэта скульптура студэнта», — лічыць яна.

У Полацку ўсталявалі помнік сярэднявечнаму студэнту

У сваю чаргу ў Полацку ўсталявалі двухметровы помнік студэнту з мінулага. Факультэт інфармацыйных тэхналогій ПДУ, каля якога цяпер стаіць бронзавы шкаляр, размяшчаецца ў былым Полацкім езуіцкім калегіуме, паведамляе беларуская служба Радыё «Свабода».

У сувязі з гэтым мінскі скульптар Аляксандр Прохараў стварыў скульптуру ў вобразе сярэднявечнага студэнта: на галаве ў яго трохкутная шапка, у руках — кнігі, пяро і скрутак з гербам ПДУ.

Полацкі езуіцкі калегіум быў заснаваны ў 1580 годзе вялікім князем літоўскім Стэфанам Баторыем. У 1812 годзе яго пераўтварылі ў Полацкую езуіцкую акадэмію — першую вышэйшую навучальную ўстанову на тэрыторыі сучаснай Беларусі.