У Беларусі стартавала акцыя "Стоп-бензін 2"

11.03.2011 15:42
Архив Редакция

Старшыня арганізацыйнага камітэту па стварэнні грамадскага аб'яднання "За Аўто" Арцём Шаркоў паведаміў 11 сакавіка аб пачатку акцыі супраць павышэння цэнаў на паліва — "Стоп-бензін 2". "Акцыя носіць бестэрміновы характар, пакуль ніякіх часовых абмежаванняў мы не ставім", — сказаў ён, адзначыўшы, што ўжо ў першы дзень сабрана 30 подпісаў пад зваротам, які накіруюць уладам.

«Людзі выказалі незадаволенасць у сувязі з павышэннем адпускных коштаў на паліва, таму мы вырашылі пачаць другую акцыю «Стоп-бензін». Сёння мы падрыхтавалі зварот у «Белнафтахім», Адміністрацыю прэзідэнта і Савет міністраў, у якім абгрунтоўваем немэтазгоднасць гэтага павышэння і патрабуем зніжэння коштаў на паліва, прад’яўлення нам калькуляцыі фармавання цаны і патрабуем пазбавіць «Белнафтахім» манапольнага права на рэгуляванне коштаў», — паведаміў Арцём Шаркоў, перадае БелаПАН.

Кіраўнік «За Аўто» падкрэсліў, што, калі дзяржорганы і «Белнафтахім» не пойдуць на дыялог, то акцыя «Стоп-бензін 2» пройдзе «больш актыўна і ярка, набудзе новы фармат».

Ініцыятар акцыі пагадзіўся, што «патрабаванні носяць, магчыма, завышаны характар», але «калі не прасіць па максімуме, то не атрымаем нічога». Аб эфектыўнасці першай акцыі «Стоп-бензін», якая прайшла ў чэрвені 2010 года, сведчыць той факт, што дзевяць месяцаў кошт паліва не падымаўся.

Як перадаваў Тэлеграф, у Беларусі 3 сакавіка аўтамабільнае паліва на запраўках падаражэла на 4,5-10,4%. Так, літр бензіну Аі-95 цяпер каштуе 3,4 тыс. рублёў (раней — 3.240), Аі-92 — 3000 (2870), А-80 — 2410 (2250), дызельнае паліва — 2850 (2580).

Как вам новость?