У Беларусі страхавыя кампаніі па годзе не плоцяць грамадзянам

06.10.2010 15:52
Архив Редакция

У выніку правядзення праверкі выканання Рэспубліканскай праграмы развіцця страхавой дзейнасці ў Беларусі на 2006-2010 гады Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі высвятліў, што некаторыя страхавыя кампаніі зацягваюць тэрміны страхавых выплат грамадзянам да года. Пра гэта 6 кастрычніка паведаміў старшыня КДК Зянон Ломаць.

«Тэрміны страхавых выплатаў грамадзянам часам зацягваюцца на тры і больш месяцаў, бываюць факты, калі да года грамадзянам не могуць выплаціць страхоўку па страхавым выпадку. Каму патрэбна такая страхавая кампанія?» — заявіў Зянон Ломаць.

Кіраўнік КДК паведаміў, што камітэт неаднаразова звяртаў увагу на істотныя недахопы ў дзейнасці беларускіх страхавальнікаў, уносіў прапановы па ўдасканаленні заканадаўства, якое рэгулюе гэтую сферу. Так, у 2009 годзе быў прыняты шэраг нарматыўных актаў па ўдасканаленні страхавой дзейнасці, аднак яны, па словах старшыні КДК, не прынеслі чаканага выніку. «Не хачу сказаць, што праграма завалена, але далёка не выконваецца», — сказаў Зянон Ломаць.

Па рэкамендацыі КДК з пасадаў знялі кіраўнікоў трох страхавых кампаній. Разам з тым, Зянон Ломаць заявіў, што з боку міністэрства фінансаў адсутнічае належны кантроль за працай страхавых арганізацый. Ёсць шэраг сур’ёзных прэтэнзіяў у КДК і да «Белдзяржстраху». Зянон Ломаць заявіў, што «Белдзяржстрах» не выконвае належным чынам функцыі, якія на яго ўскладзены дзяржавай, перадае БелТА.

Акрамя таго, у КДК адзначылі, што большасць страхавых арганізацыяў сёння не выконвае паказчыкі рэспубліканскай праграмы, зацверджанай урадам. Удзельная вага страхавых унёскаў у ВУП за апошнія пяць гадоў практычна не змяніўся і практычна ў два разы адстае ад вызначаных праграмай параметраў.

Ломаць: праграма страхавання жыцця цалкам завалена
 
Праграма добраахвотнага страхавання жыцця і пенсій, па словах кіраўніка КДК, «цалкам заваленая». «Стравіта» і Беларускі народны страхавы пенсійнай фонд, якім дзяржава прадставіла істотныя перавагі, не выконваюць ускладзеныя на іх абавязкі. Так, на пачатак 2010 года па дамовах страхавання жыцця і дадатковай пенсіі застрахавана ўсяго толькі 270 тыс. чалавек, што складае менш за 3% жыхароў рэспублікі.

Пры гэтым Зянон Ломаць адзначыў, што самі страхавыя арганізацыі сябе не крыўдзяць: заработная плата ў старшыні адной з кампаній, а таксама ў яго намесніка і галоўнага бухгалтара складае ад 7,1 млн. рублёў.

Акрамя таго, кіраўнік КДК раскрытыкаваў якасць абслугоўвання страхавальнікаў — фізічных асоб. Часцяком страхавыя арганізацыі патрабуюць з грамадзян дадатковыя даведкі для атрымання страхавога пакрыцця. Устаноўлены факты беспадстаўнага выкліку грамадзян у суды па пытаннях страхавых выплат. «Гэта агіднае стаўленне да тых, за кошт каго яны жывуць», — лічыць Зянон Ломаць.

У выніку міністэрству фінансаў Беларусі КДК прапанаваў прыняць меры па навядзенні парадку ў сферы страхавання, а таксама забяспечыць жорсткі кантроль за выкананнем страхавымі арганізацыямі правілаў і ўмоў страхавання, у тым ліку пры разглядзе зваротаў грамадзян.

Как вам новость?
Головоломки