У Беларусі ў студзені-лютым было 13% стратных прадпрыемстваў

13.04.2011 15:50
Архив Редакция

За студзень-люты 2011 года ў Беларусі стратнымі былі 1123 арганізацыі, або 12,9% ад агульнай колькасці арганізацый, якія ўлічваюцца ў бягучым парадку. Сума іх чыстай страты за гэты перыяд склала 660 млрд. рублёў, што на 8% менш, чым за студзень-люты 2010 года, калі стратнымі былі 1422 арганізацыі, ці 16,3%, паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце.

Больш за ўсё стратных арганізацый зафіксавана ў рыбалоўстве і рыбагадоўлі (31,6%), транспарце і сувязі (20,2) і прамысловасці (20%). Менш за ўсё — у сельскай і лясной гаспадарках (3%) і арганізацыях, якія займаюцца аперацыямі з нерухомай маёмасцю, арэндай і прадстаўленнем паслуг спажыўцам (8,9%).

У рэгіянальным плане стратныя прадпрыемствы пераважаюць у Мінску (23,7%), Берасцейскай вобласці (23%), Гомельскай (14,4%), Мінскай (14%) і Віцебскай (10,5%). У Гарадзенскай і Магілёўскай абласцях доля стратных прадпрыемстваў складае 7,2%.

Крэдыторская запазычанасць на 1 сакавіка 2011 склала 58,7 трлн. рублёў, павялічыўшыся ў параўнанні з 1 сакавіка 2010 года на 32,3% пры росце спажывецкіх цэн за гэты перыяд на 13%. У параўнанні з пачаткам года яна павялічылася на 1,6%, за люты — на 5%.

Пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць на 1 сакавік 2011 года склала 7 трлн. рублёў, або 11,9% усяго аб’ёму крэдыторскай запазычанасці супраць 15,2% на 1 сакавіка 2010 года. У параўнанні з 1 сакавіка 2010 года яна павялічылася на 3,6%, у параўнанні з пачаткам года — на 12,3%, у тым ліку за люты — на 4,4%.

«На долю арганізацый прамысловасці прыпадала 41,3% пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасці, арганізацый сельскай гаспадаркі — 32,7%, гандлю; па рамонце аўтамабіляў, бытавых вырабаў і прадметаў асабістага карыстання — 9,5%, будаўніцтва — 7,5%, арганізацый па аперацыях з нерухомай маёмасцю, арэндай і прадстаўленнем паслуг спажыўцам — 4,5%, транспарту — 3,6%», — паведамілі ў Белстаце.

Дэбіторская запазычанасць на 1 сакавіка 2011 года склала 51,4 трлн. рублёў, павялічыўшыся ў параўнанні з 1 сакавіка 2010 года на 26,3%. У параўнанні з пачаткам года яна павялічылася на 3,8%, за люты — на 3,1%.

Пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць за гэты перыяд склала 8,3 трлн. рублёў, або 16,2% усяго аб’ёму дэбіторскай запазычанасці супраць 18,7% на 1 сакавіка 2010 года. У параўнанні з 1 сакавіка 2010 года яна павялічылася на 9,4%, з пачаткам года — на 12,8%, у тым ліку за люты — на 7,2%.

У агульным аб’ёме пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці на долю арганізацый прамысловасці прыходзілася 43,1%, арганізацый гандлю; па рамонце аўтамабіляў, бытавых вырабаў і прадметаў асабістага карыстання — 24,5%, будаўніцтва — 7,8%, сельскай гаспадаркі — 5,7%.

Рэнтабельнасць продажаў у студзені-лютым 2011 года склала 6,3%, павялічыўшыся ў параўнанні з адпаведным перыядам 2010 года на 1,8%. За студзеня 2011 года рэнтабельнасць продажаў склала 5,9%, за люты — 6,6%.

Найбольш рэнтабельнай была фінансавая дзейнасць (68,1%), а таксама аперацыі з нерухомай маёмасцю, арэнда і прадстаўленне паслуг спажыўцам (18,7%) і адукацыя (16,2%). Нерэнтабельнымі былі толькі рыбалоўства і рыбагадоўля (-5,6%).

Как вам новость?