У Беларусі ўступіў у сілу ўказ аб рэгуляванні інтэрнэту

01.07.2010 11:46
Архив Редакция

У Беларусі з першага ліпеня ўступіў у сілу указ кіраўніка дзяржавы № 60 "Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегменту сеткі інтэрнэт". Упершыню ў заканадаўчым акце змешчаны шэраг патрабаванняў, закліканых зрабіць інфармацыю аб дзяржаўных органах і іншых дзяржаўных арганізацыях больш даступнай.

У гэтых мэтах указам прадугледжаны абавязак дзяржаўных органаў, іншых дзяржаўных арганізацый і гаспадарчых таварыстваў з пераважнай доляй дзяржавы ў іх статутных фондах размяшчаць інфармацыю аб сваёй дзейнасці на афіцыйных сайтах гэтых органаў і арганізацый, забяспечваць іх эфектыўнае функцыянаванне і сістэматычнае абнаўленне.

У сваю чаргу, інтэрнэт-карыстальнікі змогуць свабодна і бязвыплатна атрымліваць інфармацыю аб рэжыме працы дзяржаўнага органа (іншай арганізацыі), паштовым адрасе, нумарах тэлефонаў яго даведачных службаў, парадку работы са зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асобаў, аб здзяйсняных адміністрацыйных працэдурах і іншую.

Правайдары будуць абмяжоўваць доступ да інфармацыі па запыце карыстальнікаў

Акрамя таго, дакумент упершыню рэгламентуе механізм абмежавання доступу да інфармацыі па патрабаванні карыстальніка інтэрнэт-паслуг. Напрыклад, па запыце карыстальніка інтэрнэт-паслуг пастаўшчык абавязаны абмежаваць доступ абаненцкай прылады, якая належыць гэтаму карыстальніку, да інфармацыі, змест якой накіраваны на распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў, прапаганду гвалту, жорсткасці і іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам.

У мэтах забеспячэння бяспекі грамадзян і дзяржавы з першага ліпеня 2010 года пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг павінны будуць ажыццяўляць ідэнтыфікацыю абаненцкіх прыладаў карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг, весці ўлік і захоўваць звесткі аб такіх прыладах і аказаных інтэрнэт-паслугах.

Указ упарадкавае дзейнасць інтэрнэт-крамаў

Указ аб інтэрнэце таксама замацоўвае абавязак суб’ектаў гаспадарання, якія рэалізуюць на тэрыторыі Беларусі тавары (працу, паслугі) з ужываннем сеткі інтэрнэт, з першага ліпеня 2010 года ажыццяўляць дадзеную дзейнасць з выкарыстаннем інфармацыйных сетак, сістэм і рэсурсаў нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнэт, размешчаных на тэрыторыі рэспублікі.

Першага ліпеня павінна была завяршыцца рэгістрацыя сайтаў

Першага ліпеня завяршаецца дзяржаўная рэгістрацыя інфармацыйных сетак, сістэм і рэсурсаў, якую павінны былі прайсці пастаўшчыкі інтэрнет-паслуг па заяўным прынцыпе ў міністэрстве сувязі і інфарматызацыі альбо ўпаўнаважанай ім арганізацыі.

У сваю чаргу, звесткі аб зарэгістраваных рэсурсах будуць перададзеныя ў Аператыўна-аналітычны цэнтр (ААЦ) пры прэзідэнце Беларусі, які засакрэціць дадзеныя аб рэгістрацыі сайтаў.

Інтэрнэт-бізнэс прапаноўваў Лукашэнку і ўраду папраўкі да ўказу

Між тым, прадстаўнікі беларускага інтэрнэт-бізнэсу звярталіся ў Адміністрацыю прэзідэнта і да ўрада з нагоды ўнясення паправак ва ўказ № 60. У першую чаргу, прадстаўнікоў бізнэс-супольнасці не задаволіла патрабаванне ўказа аб тым, што юрасобы павінны выкарыстоўваць пры працы ў інтэрнэце толькі інфармацыйныя сеткі, сістэмы і рэсурсы нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнэт, размешчаныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

На думку бізнэсоўцаў, усталяванне такіх жорсткіх рамак з’яўляецца недапушчальным ва ўмовах сённяшняга разнастайнасці тэхналогій і хуткасці развіцця інтэрнэту і адназначна прывядзе да сыходу ў цень інавацыйных праектаў. Такія патрабаванні бізнэс-супольнасць лічыць прымальным толькі для інтэрнэт-рэсурсаў дзяржорганаў, арганізацый і прадпрыемстваў, якія належаць дзяржаве.

Стымуляванне ж выкарыстання інфармацыйных сетак, сістэмаў і рэсурсаў нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнэт, размешчаных на тэрыторыі Беларусі, лічаць прадстаўнікі бізнэсу, павінна адбывацца за кошт патаннення трафіку.

АБСЕ таксама рэкамендаваў Лукашэнку палепшыць закон аб інтэрнэце

У сваю чаргу, прадстаўнікі АБСЭ правялі экспертызу ўказу прэзідэнта Беларусі аб рэгуляванні інтэрнэту. У дакуменце пералічваліся як станоўчыя, так і адмоўныя моманты ўказу з пункту гледжання міжнародных экспертаў у галіне свабоды выказвання. Дадзеныя экспертызы і прапановы экспертаў АБСЕ былі накіраваныя беларускім уладам з мэтай паляпшэння закона аб інтэрнэце.

Паводле справаздачы, падпісанай першага лютага 2010, указ прэзідэнта Беларусі № 60 мае шэраг станоўчых момантаў. У той жа час у ім зафіксаваныя і адмоўныя, на думку экспертаў, бакі.

Как вам новость?
Головоломки