У Беларусі ўступілі ў сілу новыя штрафы за парушэнне ПДР

12.01.2011 11:57
Архив Редакция

У Беларусі 12 студзеня ўступілі ў сілу змяненні ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія звязаны з памерамі штрафаў за парушэнні правілаў дарожнага руху. Пра гэта паведамілі ва УДАІ МУС Беларусі. Па словах праваахоўнікаў, у краіне з мэтай ліквідаваць неадпаведна пакаранняў за адзінкавае і паўторнае парушэнні павялічваюцца памеры шэрагу фінансавых пакаранняў.

Так, за паўторнае на працягу года парушэнне правілаў спынення або стаянкі штраф складзе дзве базавыя велічыні (70 тыс. рублёў, ці 23 даляры). Штраф жа за няправільна прыпаркаваны грузавы аўтамабіль з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай больш за 3,5 тоны вырас да дзесяці базавых велічынь (350 тыс. рублёў, або 116 даляраў), паведамілі ў ДАІ Горадні.

За неаднаразова непрышпілены рэмень бяспекі штраф складзе ад двух да пяці базавых велічынь (да 175 тыс. рублёў, або 58 даляраў). Аналагічнае пакаранне чакае кіроўцаў, якія кіруюць транспартным сродкам з няспраўнасцямі, а таксама тых, хто знаходзіцца за рулём матацыкла або мапеда без спецыяльнага шлема.

Кіроўцам, якія размаўляюць падчас руху па мабільным тэлефоне без прылады hands-free, прыйдзецца заплаціць ад дзвюх да васьмі базавых велічыняў (да 210 тыс. рублёў, або 70 даляраў). Такое ж пакаранне чакае кіроўцаў за парушэнне патрабаванняў дарожных знакаў і разметкі, а таксама непрадстаўленне перавагі ў руху маршрутным транспартным сродкам, пешаходам, раварыстам.

Другое за год парушэнне правілаў праезду скрыжаванняў, патрабаванняў сігналаў светлафора або рэгуліроўшчыка абыйдзецца кіроўцу ў тры-дзесяць базавых велічыняў (да 350 тыс. рублёў або 116 даляраў).

Акрамя таго, мінімальныя памеры штрафаў за перавышэнне хуткасці на 30 і больш кіламетраў у гадзіну, а таксама за паўторнае на працягу года перавышэнне хуткасці на 20 і больш кіламетраў ўзраслі да трох і пяці базавых велічынь адпаведна (да 105 і 175 тыс. рублёў, або 35 і 58 даляраў). Максімальны памер штрафу за перавышэнне хуткасці на 20-30 кіламетраў у гадзіну павялічаны з двух да трох базавых велічыняў (105 тыс. рублёў, або 35 даляраў).

Акрамя таго, як растлумачылі ў ДАІ Горадні, пры здзяйсненні парушэння, якое ў выпадку яго паўторнага ўчынення цягне ўзмацненне жорсткасці пакарання, на адваротным баку талона да пасведчання кіроўцы супрацоўнікі ДАІ ў абавязковым парадку будуць рабіць адпаведную адзнаку.

Как вам новость?
Головоломки