У Беларусі ствараецца медыцынскае турагенцтва для замежнікаў

21.07.2010 10:26
Архив Редакция

У Віцебску плануюць стварыць медыцынскае турагенцтва, якое будзе займацца арганізацыяй запрашэнняў, размяшчэннем і лячэннем замежных пацыентаў. Неабходнасць стварэння такой установы наспела ў сувязі з пастаянным павелічэннем колькасці замежных грамадзянаў, якія жадаюць прайсці курс лячэння ў прыдзвінскіх клініках, патлумачыў начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Юры Дзяркач.

За кошт экспартных паслуг з пачатку 2010 года медыцынскія ўстановы ўжо зарабілі каля 500 млн. рублёў, што склала 170% да ўзроўню мінулага года. Да канца года плануюць атрымаць звыш 1,3 млрд. рублёў, паведамляе газета «Рэспубліка».

У цяперашні час у замежнікаў запатрабаваны досвед беларускіх хірургаў, анколагаў, афтальмолагаў, артапедаў, практолагаў, гінеколагаў і іншых спецыялістаў. Ужо двойчы ўрачы віцебскай радзільні № 1 прынялі платныя роды ў замежных пацыентак, яшчэ каля дзясятка цяжарных расіянак з Пскоўскай вобласці тут назіраюцца сёння. «Сёння Віцебшчына прыцягвае жыхароў Расіі і Прыбалтыкі блізкасцю размяшчэння і высокай якасцю медыцынскага абслугоўвання», — адзначыў кіраўнік упраўлення аховы здароўя рэгіёну.

Для замежных грамадзянаў самі роды, знаходжанне ў палаце і медыкаментознае лячэнне абыходзіцца адносна нядорага — каля 1,5 млн. рублёў. Але за кошт гэтых грошай, па словах Юрыя Дзеркача, можна зрабіць лячэбную базу рэгіёну яшчэ больш магутнай.

Урачы абласной лякарні з пачатку года ўжо зарабілі каля 50 млн. рублёў за кошт прадстаўлення экспартных медыцынскіх паслуг. У лякарні праходзілі лячэнне грамадзяне блізкага замежжа — Расіі, Украіны, Латвіі, — а таксама Пакістана, Ганы, Марока, Шры-Ланкі, Польшчы, ЗША, Кітая і іншых краінаў.

У Беларусі расце экспарт турпаслуг

Экспарт турыстычных паслуг у цэлым у Беларусі ўпэўнена расце. За пяць месяцаў 2010 года ён вырас на 38,4% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года і дасягнуў 44,8 млн. даляраў. «Беларуская туріндустрыя робіцца з кожным годам больш канкурэнтаздольнай у цэнавай палітыцы», — паведаміў дырэктар дэпартаменту па турызме Міністэрства спорту і турызму Віктар Янкавенка.

Па словах чыноўніка, экспарт турпаслуг павялічыўся шмат у чым за кошт продажу пуцёвак для замежнікаў (рост на 5,8 млн. даляраў), а таксама паслуг гатэляў, не уключаных у туры (на 4,7 млн. даляраў), паведамляе БелТА.

Пры гэтым, дзякуючы росту колькасці выпраўленых за мяжу, імпарт турпаслуг таксама павялічыўся — на 42,8%, склаўшы 3,5 млн. даляраў. Такім чынам, у сферы турыстычных паслуг склалася дадатнае сальда ў памеры 31,4 млн. даляраў (рост склаў 36,7%).

Как вам новость?