У Беларусі ствараюць біржу інтэлектуальнай уласнасці

26.04.2011 12:12
Архив Редакция

Беларускае кіраўніцтва пачало фармаваць біржу інтэлектуальнай уласнасці. Аб гэтым 25 красавіка заявіў журналістам кіраўнік Дзяржаўнага камітэту па навуцы і тэхналогіях (ДКНТ) Ігар Войтаў. Паводле яго слоў, арганізацыя павінна стаць "дадатковым стымулам" для камерцыялізацыі ў краіне аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці.

На дадзены момант біржа працуе ў якасці інфармацыйнай пляцоўкі, дзе зацікаўленыя кампаніі, уключаючы замежныя, могуць атрымаць інфармацыю аб беларускіх інавацыях. «Мы ўжо адкрылі інтэрнэт-партал www.belgospatent.by у інфармацыйнай сусветнай прасторы, дзе прадстаўляем звесткі аб тых патэнтах, якія ў цяперашні час цікавыя з пункту гледжання камерцыялізацыі, гэта значыць прыцягнення інвестыцый. І гэта толькі пачатак працы ў рамках праекту», — цытуе Ігара Войтава БелТА.

Чакаецца, што цалкам інфармацыйная база сфармуецца да канца 2011 года, але і потым яе будуць папаўняць. Замежныя інвестары змогуць карыстацца базай бясплатна. «Аднак у далейшым па прыкладу біржаў, якія працуюць у галіне інтэлектуальнай уласнасці і правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці, мы мяркуем выпуск акцый высокатэхналагічных прадпрыемстваў і прадстаўленне іх на біржы, а таксама выпуск аблігацый, якія, магчыма, таксама будуць цікавыя для развіцця высокатэхналагічнага сектару» , — адзначыў Ігар Войтаў.

Беларускія ўлады хочуць стварыць інавацыйныя холдынгі

Акрамя таго, у бліжэйшыя пяць гадоў у Беларусі плануецца адкрыць некалькі інавацыйных холдынгаў, дадаў старшыня ДКНТ. Ён праінфармаваў, што 25 красавіка на пасяджэнні камісіі па пытаннях дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі пры Савеце міністраў разглядаліся перспектывы развіцця навукова-тэхнічнай дзейнасці ў краіне да 2016 года.

«Разглядаецца пытанне стварэння холдынгавых структур па напрамках інавацыйнай дзейнасці. Плануецца на пяцігодку стварэнне, да прыкладу, па лініі мінпрама, Акадэміі навук, навукі ў ВНУ 16 холдынгаў ў галіне прамысловых тэхналогій — па ліцці, машынабудаванні, бытавой тэхніцы і г.д.», — сказаў Ігар Войтаў.

Паводле яго слоў, на пасяджэнні камісія зверне ўвагу і на пытанні камерцыялізацыі аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці.

Старшыня ДКНТ лічыць, што навукова-тэхнічная дзейнасць у Беларусі за мінулыя пяць гадоў паказала добрыя вынікі. «На адзін беларускі рубель укладзены ў навукова-тэхнічную сферу сродкаў мы атрымалі 28 рублёў выручкі, т. б. паказчык вельмі высокі. Цяпер, займаючыся фармаваннем комплексных навукова-тэхнічных праграмаў, а іх запланавана 12 на пяцігодку, і фармаваннем дзяржаўных навукова-тэхнічных праграмаў, а іх 28, ставіцца мэта па выхадзе на больш высокія паказчыкі, якія адлюстроўваюць эфектыўнасць інавацыйнай дзейнасці», — заявіў Ігар Войтаў.

З гэтай мэтай, удакладніў ён, будуць рэалізоўвацца праграмы ў галіне хімічных, нана- і біятэхналогій, прамысловых і будаўнічых тэхналогій і вытворчасці. Акрамя таго, сур’ёзны блок у праграмах займаюць аграпрамысловыя тэхналогіі, складаныя задачы стаяць і перад праграмай абараназдольнасці і нацыянальнай бяспекі. Усяго ў рамках пералічаных праграмаў за пяць гадоў плануецца выканаць больш за тысячу заданняў. Увесь гэты час будзе працягвацца праца па праектах сацыяльнай накіраванасці (у медыцыне і фармакалогіі).

Улады нададуць ўвагу развіццю атамнай энергетыкі

Асаблівая ўвага будзе звернута на інавацыйную дзейнасць у сферах рацыянальнага прыродакарыстання, рэсурсазберажэння і абароны ад надзвычайных сітуацый. Сярод новых напрамкаў — праекты ў галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, авіякасмічнай тэхналогій і тэхнікі, у галіне новых матэрыялаў. Асаблівы акцэнт будзе зроблены на праектах у сферы энергетыкі, уключаючы атамную, падкрэсліў Ігар Войтаў.

У праграмах звернуць увагу на фармаванне новых сектараў эканомікі, ведаў, новых пяці і шасці тэхналагічных укладаў. Разам з тым будуць развівацца таксама базавыя для Беларусі галіны — такія, як аграпрамысловы комплекс, сельгасмашынабудаванне і г. д.

Как вам новость?