У Беларусі вызначылі асноўныя напрамкі ў сферы высокіх тэхналогіяў

25.08.2010 10:04
Архив Редакция

Для беларускіх навукоўцаў у 2011-2015 гадах прыярытэтнымі напрамкамі стануць касмічныя тэхналогіі і атамная энергетыка. Пра гэта паведаміў 24 жніўня на прэс-канферэнцыі першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэту па навуцы і тэхналогіях Беларусі Уладзімір Нядзілька.

У найбліжэйшыя гады атрымаюць развіццё інфармацыйна-камунікацыйныя і касмічныя тэхналогіі, бія-і нанатэхналогіі, атамная энергетыка. Намаганні беларускіх навукоўцаў таксама будуць сканцэнтраваныя на стварэнні высокатэхналагічных вытворчасцяў і новых матэрыялаў, адзначыў прадстаўнік ДКНТ.

«Беларусь мае дастаткова вялікі патэнцыял у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў», — падкрэсліў Уладзімір Нядзілька. Па яго словах, каля тысячы высокакваліфікаваных праграмістаў выпускаюць штогод беларускія ўніверсітэты. «У нас ёсць даволі шмат арганізацыяў і фірмаў, якія займаюцца распрацоўкай праграмнага забеспячэння, а таксама прадпрыемствы і арганізацыі, што выкарыстоўваюць гэтыя прадукты», — працягнуў навуковец. Але асноўны попыт на прадукцыю сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў прыходзіць з-за мяжы, у тым ліку з Расіі, перадае БелТА.

Нанатэхналогіі — новы напрамак як для Беларусі, Расіі, так і для іншых постсавецкіх дзяржаў. Задача найбліжэйшых гадоў — вывесці нанатэхналогіі на прамысловы ўзровень. У Беларусі зацікаўлены ў стварэнні біятэхналогій самага высокага ўзроўню, адзначыў навуковец. «У нас развіта сельская гаспадарка, дастаткова сыравіны. Павышэнне яе перапрацоўкі, якасці звязана з развіццём біятэхналогіяў», — сказаў Уладзімір Нядзілька.

Першы намеснік старшыні ДКНТ адзначыў, што па прыярытэтных напрамках у сферы высокіх тэхналогіяў беларускія навукоўцы супрацоўнічаюць з расійскімі калегамі, і ў будучыні гэтыя кантакты плануецца пашырыць. Так, у атамнай энергетыцы ў Беларусі і Расіі ёсць сур’ёзныя напрацоўкі, у цяперашні час распрацоўваецца праект беларуска-расійскай праграмы па перапрацоўцы адкідаў.

«У рэспубліцы няма сваёй касмічнай прамысловасці і касмічнай навукі, таму мы кааперуемся з РФ», — сказаў навуковец. Гэта напрамак развіваецца ў рамках саюзных праграм. У цяперашні час вядзецца падрыхтоўка да запуску беларускага спадарожніка.

Как вам новость?
Головоломки