У Беларусі ўвялі новыя гігіенічныя патрабаванні да школаў

25.08.2010 13:01
Архив Редакция

У новым навучальным годзе ў беларускіх школах змяняюцца гігіенічныя патрабаванні да школьнай мэблі, арганізацыі грамадскай працы школьнікаў на тэрыторыі навучальнай установы, а таксама харчавання дзяцей. Пра гэта распавяла загадчыца аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Малахава.

Паводле новаўвядзення, навучальныя ўстановы паступова павінны набыць новую спецыяльную мэблю, якая рэгулюецца пад рост вучняў. Гэта дазволіць зменшыць колькасць вучняў са скаліёзам.

Таксама, зыходзячы з меркаванняў здароўя школьнікаў, рэгулюецца вага іх партфеляў. Максімальная вага партфеля першакласніка не павінна перавышаць паўтара кілаграма, старшакласніка — чатырох. З гэтай мэтай школьныя класы павінны абсталяваць спецыяльнымі шафамі, дзе навучэнцы маглі б пакінуць адзін камплект падручнікаў, а другі мог бы стала знаходзіцца ў іх дома. Зрэшты, з рэалізацыяй гэтага праекту ўзнікла праблема: у школах для двух камплектаў — школьнага і хатняга — папросту не хапае падручнікаў.

Новыя гігіенічныя патрабаванні закрануць і школьнае харчаванне. З верасня гэтага года ў сталовых не будзе рыбных кансерваў, кансерваў з агародніны, салянкі, сыравэнджаных каўбасаў і бутэрбродаў, перадае Белтэлерадыёкампанія.
 
Акрамя таго, новая рэдакцыя санітарных правілаў рэгламентуе грамадскую працу навучэнцаў у школах. Па словах Алы Малахавай, у цэнтр паступала шмат зваротаў, звязаных з гэтым пытаннем. «Часам вучні, асабліва ў сельскай мясцовасці, замянялі тэхнічны персанал», — расказала спецыялістка.

Цяпер жа прыбіраць класны пакой могуць толькі дзеці з 14 гадоў. Дзяжурства ў сталовай дазваляецца з сёмага класа, а да ўборкі школьнай тэрыторыі можна прыцягнуць вучняў з пятага класа. Пры гэтым вучні малодшых класаў могуць працаваць не больш за 25 хвілін, старшакласнікі — не больш за 1,5 гадзіны.

Как вам новость?
Головоломки