У Беларусі ўводзіцца электронная рэгістрацыя юрыдычных асоб і ІП

28.06.2011 09:19
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 чэрвеня падпісаў дэкрэт № 5, згодна з якім змяняецца парадак дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі суб'ектаў гаспадарання. У ліку іншага дакументам прадстаўляецца магчымасць электроннай рэгістрацыі юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Цяпер прадпрымальнікі змогуць падаць дакументы для дзяржрэгістрацыі ў рэгіструючы орган не толькі з дапамогай асабістага звароту, але і ў электронным выглядзе на адмысловым інтэрнэт-партале.

Ануляваныя ІП змогуць зарэгістравацца паўторна

Акрамя таго, прэзідэнт адмяніў дзейную ў цяперашні час забарону на паўторную рэгістрацыю ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў грамадзян, дзяржрэгістрацыя якіх раней была анулявана з-за парушэння парадку ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці. Цяпер былы прадпрымальнік можа паўторна зарэгістравацца праз тры гады з дня прыняцця рашэння аб ануляванні.

Дэкрэтам таксама вызначаецца, што інфармацыя аб ліквідацыі суб’ектаў гаспадарання будзе публікавацца не ў газеце «Рэспубліка», а ў дадатку да часопісу «юстыцыя Беларусі», а таксама на сайце міністэрства юстыцыі.

«Гэта дазволіць належным чынам давесці названую інфармацыю да зацікаўленых асоб і істотна спрасціць і зрабіць таннейшай працэдуру апублікавання», — заявілі ў Адміністрацыі прэзідэнта.

У цэлым жа, па словах экспертаў Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы, гэты дэкрэт, з поўным тэкстам якога можна азнаёміцца тут, прыняты ў мэтах «далейшай лібералізацыі ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці і стварэння спрыяльных умоваў для прадпрымальніцтва».

«Дэкрэт накіраваны на актывізацыю прадпрымальніцкай ініцыятывы, стымуляванне дзелавой актыўнасці і далейшае развіццё заяўнага прынцыпу дзяржаўнай рэгістрацыі суб’ектаў гаспадарання», — адзначылі ў Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Как вам новость?