У Беларусі ўводзіцца рэгістрацыя мапедаў і квадрацыклаў

08.04.2011 15:57
Архив Редакция

Уладальнікі мапедаў і квадрацыклаў абавязаны ставіць іх на ўлік як транспартныя сродкі катэгорыі АМ. Пра гэта гаворыцца ў пастанове Савета міністраў Беларусі № 443, прынятай 4 красавіка 2011 года. Дакумент падпісаны прэм'ер-міністрам краіны Міхаілам Мясніковічам і ўступае ў сілу праз дзесяць дзён пасля апублікавання.

«Рэгістрацыі ў рэгістрацыйных падраздзяленнях падлягаюць мапеды, квадрацыклы, іншыя механічныя транспартныя сродкі з рабочым аб’ёмам рухавіка ўнутранага згарання 50 і больш кубічных сантыметраў або максімальнай магутнасцю электрарухавіка больш за чатыры кілаваты, а таксама максімальнай канструктыўнай хуткасцю руху больш за 50 кіламетраў на гадзіну і прычэпы да іх, прызначаныя для руху па дарогах», — пазначана ў дакуменце.

Выключэннем тут з’яўляюцца колавыя трактары (самаходныя машыны) і прычэпы да іх, бакавыя прычэпы да матацыклаў, мотаўсюдыходы — чатырохколавыя пазадарожнікі, якія маюць пасадку і органы кіравання матацыклетнага тыпу, шасі транспартных сродкаў, гоначныя аўтамабілі і матацыклы. Рэгістрацыі таксама не падлягае тэхналагічны транспарт, што эксплуатуюцца на закрытых тэрыторыях; тэхналагічнае і будаўнічае абсталяванне, устаноўленае на шасі прычэпаў, іншых транспартных сродкаў, што не падлягаюць эксплуатацыі на дарогах, а таксама гарадскога электратранспарту.

Да жніўня дзейнічае спрошчаная рэгістрацыя мапедаў

«Да 1 жніўня 2011 года рэгістрацыя мапедаў ажыццяўляецца ў спрошчаным парадку. Пры адсутнасці прававызначальных дакументаў на мапед, у тым ліку дакументаў завода-вытворцы і (або) дакументаў, выдадзеных мытнымі органамі, уласнік ў заяве ўказвае акалічнасці яго набыцця, а рэгістрацыя ажыццяўляецца з абмежаваннямі, якія забараняюць зняцце яго з уліку цягам трох гадоў (за выключэннем выпадкаў выбракоўкі), з занясеннем адпаведнага запісу ў пасведчанне аб рэгістрацыі», — гаворыцца ў дакуменце, апублікаваным на Нацыянальным прававым партале.

Пры рэгістрацыі кожны транспартны сродак пройдзе агляд і будзе ідэнтыфікаваны — супрацоўнікі ДАІ правераць, ці ёсць на ім нумар заводу вытворцы і мантажная таблічка. Рэгістрацыя і агляд здзяйсняюцца па месцы жыхарства. Аднак самаробныя транспартныя сродкі ставіць на ўлік не будуць.

Двухколавы механічны транспартны сродак, званы часта «скутарам», могуць прызнаць мапедам, калі аб’ём яго рухавіка не перавышае 50 кубічных сантыметраў. У адваротным выпадку транспартны сродак аднясуць да матацыклаў.

Права на кіраванне мапедам аўтаматычна атрымлівае асоба, якая мае кіроўчае пасведчанне любой іншай катэгорыі — напрыклад, пасведчанне трактарыста. Калі ўладальнік мапеда не мае правоў, ён можа здаць тэарэтычны экзамен у ДАІ, а затым атрымаць адпаведнае пасведчанне.

Как вам новость?