У Беларусі ўводзяць асабістую адказнасць чыноўнікаў за якасць дакументаў

31.12.2010 11:56
Архив Редакция

З 1 студзеня 2011 года кіраўнікі Нацбанка, міністэрстваў, выканкамаў і іншых дзяржорганаў кіравання будуць несці асабістую адказнасць за якасць прымаемых нарматыўных прававых актаў. Адпаведны ўказ за № 711 "Аб некаторых пытаннях ажыццяўлення абавязковай юрыдычнай экспертызы нарматыўных прававых актаў" падпісаў 30 снежня Аляксандр Лукашэнка.

Дакумент падпісаны ў мэтах «аптымізацыі парадку ажыццяўлення абавязковай юрыдычнай экспертызы нарматыўных прававых актаў, якая праводзіцца міністэрствам юстыцыі, галоўнымі ўпраўленнямі юстыцыі аблвыканкамаў».

Згодна з указам, міністэрства юстыцыі зможа ўносіць у Адміністрацыю прэзідэнта інфармацыю аб выяўленых і неліквідаваных парушэннях парадку пры падрыхтоўцы і прыняцці нарматыўных прававых актаў дзяржаўнымі органамі. Прававыя акты, якія не пройдуць юрыдычную экспертызу, будуць адмененыя.

Нарматыўныя дакументы будуць публікаваць на працягу двух дзён

Прэзідэнт Беларусі таксама падпісаў 30 снежня ўказ пад № 713, які з 2011 года абавязвае Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі рэгістраваць у нацыянальным рэестры прававыя акты на працягу двух працоўных дзён з моманту іх паступлення.

Дакумент таксама прадугледжвае, што нарматыўныя прававыя акты абласных, гарадскіх і раённых Саветаў дэпутатаў і выканкамаў будуць афіцыйна публікавацца толькі ў электроннай версіі нацыянальнага рэестра прававых актаў. Перыядычнасць публікацыі такіх прававых актаў павялічыцца з 2 да 12 разоў на месяц.

Таксама ў электронным выглядзе будуць публікавацца пастановы палаты прадстаўнікоў і Савета рэспублікі аб прыняцці, ухваленні, адхіленні праектаў законаў, пастановы ўрада аб камандзіраванні службовых асобаў, рэгламенты калегіяльных органаў, тэхнічныя і лакальныя нарматыўныя прававыя акты.

Паколькі з 1 студзеня 2011 года адмяняецца ліцэнзаванне дзейнасці па распаўсюджванні прававой інфармацыі, дзяржаўнае рэгуляванне ў гэтай сферы будзе ажыццяўляцца згодна з указам № 712 ад 30 снежня.

Дакумент абавязвае ўсіх распаўсюджвальнікаў прававой інфармацыі, за выключэннем дзяржаўных органаў і некаторых арганізацый распаўсюджваць толькі ўключаныя ў нацыянальны рэестр і эталонны банк даных заканадаўчыя акты.

Указ таксама ўстанаўлівае мінімальныя патрабаванні да зместу распаўсюджванай прававой інфармацыі і асаблівасці яе распаўсюджвання дзяржаўнымі органамі і НЦПІ.

Как вам новость?
Головоломки