У Беларусі хочуць змяніць стаўкі дзяржпошлін у гаспадарчых судах

11.11.2010 15:40
Архив Редакция

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі 11 лістапада прынялі праект закона "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях удасканалення гаспадарчага судаводства". Дакумент прадугледжвае змяненне ставак дзяржпошлін для аптымізацыі гаспадарчага судаводства, растлумачыў старшыня Вышэйшага гаспадарчага суда Віктар Камянкоў.

Па словах кіраўніка ВГС, законапраект закліканы даць суб’ектам гаспадарання доступ да прылад, якія дазваляюць вырашыць спрэчку ў кароткія тэрміны і больш простымі спосабамі: загадная вытворчасць, судовае пасярэдніцтва і г.д. Таксама дакумент прадугледжвае мінімізацыю выдаткаў як для саміх гаспадарчых судоў, так і для ўдзельнікаў спрэчак, перадае БелТА.

Мяркуецца, што змены дазволяць знізіць нагрузку на гаспадарчыя суды, якая ў апошнія гады ўстойліва расце. У сярэднім на аднаго суддзю даводзіцца па 100 спраў і больш.

Прыняты ў першым чытанні праект закона прадугледжвае змены ў Грамадзянскім, Гаспадарчым працэсуальным і Падатковым кодэксах. Напрыклад, у Грамадзянскім кодэксе будзе ўсталяваны абавязковы дасудовы парадак урэгулявання спрэчкі. У Гаспадарчым працэсуальным кодэксе будуць замацаваны паняцці «прымірэнец» і «прымірэнчая працэдура». Акрамя таго, некаторыя дакументы ў гаспадарчыя суды трэба будзе падаваць не толькі ў традыцыйным, але і ў электронным выглядзе.

Таксама змены датычацца спрашчэння працэдуры спагнання доўгу па бясспрэчных патрабаваннях і пашырэння сферы прэтэнзійнага парадку ўрэгулявання спрэчак паміж гаспадарчымі суб’ектамі.

Как вам новость?