У Беларусі з верасня пачнуць дзейнічаць венчурныя фонды

05.08.2010 16:01
Архив Редакция

Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях падрыхтаваў нарматыўна-прававую базу для развіцця ў Беларусі сістэмы венчурнага фінансавання. Па словах старшыні ДКНТ Ігара Войтава, усе дакументы будуць прынятыя, і дадзены механізм уступіць у сілу ў верасні гэтага года. Ужо сёння гатоўнасць удзельнічаць у развіцці сістэмы венчурнага фінансавання ў Беларусі выказалі многія замежныя інвестфонды.

На думку Ігара Войтава, галоўнае цяпер — сфармаваць прававое поле, каб беларускія і замежныя кампаніі былі зацікаўлены ў працы і ўдзеле ў развіцці сістэмы венчурнага фінансавання ў Беларусі. Кіраўнік ДКНТ падкрэсліў, што нарматыўна-прававы акт атрымаў высокую міжнародную ацэнку. Пры яго падрыхтоўцы быў вывучаны вопыт іншых краін, у тым ліку ЗША, Расіі і некаторых іншых дзяржаў, перадае БелТА.

Ігар Войтаў нагадаў, што ў Беларусі прыняты ўказ, які вызначае асаблівасці сістэмы венчурнага фінансавання. У краіну ўжо паступаюць прапановы ад замежных інвестфондаў з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Катара, Расіі. Іх прапановы будуць разгледжаны ў самы блізкі час. Цікавасць да ўдзелу ў такіх праектах праяўляюць і некаторыя замежныя банкі, якія працуюць на тэрыторыі Беларусі.

Мяркуецца, што на першай стадыі ў структуры фінансавання венчурных праектаў 30-50% будуць складаць сродкі дзяржавы, Беларускага інавацыйнага фонду. Астатнія рэсурсы будуць прыцягвацца звонку. Пры гэтым кіраўнік ДКНТ адзначыў, што для інвестараў, гатовых працаваць у Беларусі ў згаданай галіне, будуць створаны льготныя механізмы.

Войтаў: павінна быць максімальная абарачальнасць капіталу

Гаворачы пра асаблівасці патэнцыйных венчурных праектаў, Ігар Войтаў адзначыў, што прыярытэтам выступаюць медыцынскія тэхналогіі і медтэхніка. Распрацаваны шэраг праектаў па стварэнні новых вытворчасцяў у машынабудаванні, у сферы біятэхналогіяў, распрацоўцы кармавых дадаткаў, сучасных амінакіслотаў. Таксама асаблівая ўвага надаецца развіццю інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў, у тым ліку праектаў па лініі Парку высокіх тэхналогіяў. Ёсць таксама прапановы па выкарыстанні венчурнай сістэмы для стварэння новых матэрыялаў і іншых інавацыйных тэхналогій.

Па словах Ігара Войтава, кожны праект будзе праходзіць спецыяльную экспертызу. Адбор будзе залежаць ад таго, як гэты праект упісваецца ў сферу дзяржаўных інтарэсаў, наколькі ён акупальны, высокаэфектыўны з пункту гледжання дададзенай вартасці, фармавання новых працоўных месцаў.

«Мы таксама ставім пытанне аб тым, каб павысіць хуткасць аддачы тых укладанняў, якія будуць ісці, гэты прынцып адлюстраваны ў нарматыўна-прававых актах, якія мы падрыхтавалі. Павінна быць максімальная абарачальнасць капіталу», — падкрэсліў старшыня ДКНТ.

Как вам новость?