У Беларусі за 10 гадоў дзяцей стала менш на 27,4%

30.05.2011 11:57
Архив Редакция

Паводле афіцыйнай статыстыкі колькасць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў на пачатак 2011 года ў параўнанні з пачаткам 2000 года скарацілася на 27,4% (на 654 тыс. чалавек) і склала 1,7 млн чалавек. Узровень нараджальнасці ў 2010 годзе склаў 11,4 на тысячу чалавек насельніцтва. Усяго ў мінулым годзе нарадзілася 108 тыс. дзяцей.

Скарачэнне колькасці дзяцей у апошняе дзесяцігоддзе эксперты Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі звязваюць з падзеннем нараджальнасці ў 1990-х гадах. Гэта асабліва адбілася на дынаміцы ўзроставай групы 10-14 гадоў: з 2000 года колькасць дзяцей у гэтай узроставай групе паменшылася ў 1,8 раза (на 360 тыс. чалавек).

Нягледзячы на гэта эксперты Белстата канстатуюць пазітыўныя зрухі ў інтэнсіўнасці нараджальнасці, у прыватнасці змены ў структуры тых, хто нарадзіўся па чарговасці нараджэння. Так, на долю першых нараджэнняў ў 2010 годзе прыпадала 52,3%, на долю другіх і трэціх — 44,7%, тады як у 2005 годзе на долю першынцаў прыходзілася 58,2%, другіх і трэціх дзяцей — 38,5%.

Па дадзеных Белстата на пачатак 2011 года 40% з агульнай колькасці дзяцей складаюць дзеці ва ўзросце да сямі гадоў (695,1 тыс. чалавек), 41,3% — дзеці ва ўзросце 7-14 гадоў (718,1 тыс. чалавек) і 18,7% — падлеткі ва ўзросце 15-17 гадоў (324,2 тыс. чалавек).

Станоўчыя змены за гэтыя гады адбыліся ў функцыянаванні інстытута сям’і. Так, знізілася колькасць дзяцей, якія нарадзіліся ў жанчын, якія не маюць зарэгістраванага шлюбу. У 2005 годзе дзеці, народжаныя па-за шлюбам, складалі 24,2% ад агульнай колькасці народжаных, а ў 2010 годзе гэты паказчык знізіўся да 19,6%. Часцей за ўсё па-за афіцыйнымі шлюбамі дзеці нараджаюцца ў маці маладзейшых за 18 гадоў (57,2% ад усіх тых, хто нарадзіўся ў маці гэтага ўзросту ў 2010 годзе).

У той жа час агульная колькасць дзяцей, народжаных маці ва ўзросце да 18 гадоў, таксама скарачаецца. Калі ў 2000 годзе непаўналетнімі маці было народжана 2120 дзяцей, то ў 2010 годзе — 1195 дзяцей.

Станоўчай тэндэнцыяй з’яўляецца таксама зніжэнне дзіцячай смяротнасці. У 2010 годзе ў параўнанні з 2009 годам узровень дзіцячай смяротнасці знізіўся на 15% і склаў чатыры дзіцяці на тысячу народжаных. Галоўнай прычынай смяротнасці дзяцей, старэйшых за год з’яўляюцца няшчасныя выпадкі, атручванні і траўмы, то бок знешнія прычыны (58%).

Больш за ўсё дзяцей загінула ад знешніх прычын ва ўзросце 15-17 гадоў (46,5%) і ва ўзросце 1-4 гадоў (20,6%). У структуры смяротнасці ад знешніх прычын, асабліва ў групе 5-9-гадовых, пераважаюць выпадковыя ўтаплення. Акрамя таго, у 2010 годзе 53 дзіцяці скончылі жыццё самагубствам.

Как вам новость?