У Беларусі за год на будаўніцтва жылля выдаткуюць 4 млрд. даляраў

25.11.2010 16:50
Архив Редакция

У Беларусі на будаўніцтва жылля за 2010 год будзе выдаткавана каля 12,6 трлн. рублёў (4,1 млрд. даляраў). З агульнага аб'ёму ўласныя сродкі насельніцтва павінны скласці 4,3 трлн. рублёў, крэдытныя рэсурсы банкаў — 7,1 трлн. рублёў (з іх ільготныя пазыкі — 6,7 трлн. рублёў). Пра гэта паведаміў 25 лістапада начальнік упраўлення жыллёвага будаўніцтва мінархітэктуры Беларусі Аляксандр Горваль.

Спецыяліст таксама адзначыў, што за 2005-2010 гады доля інвестыцый у жыллёвае будаўніцтва павялічылася ў супастаўных цэнах амаль у 1,5 разы. У студзені-верасні 2010 года іх удзельная вага склала 24,1% да агульнага аб’ёму інвестыцый, перадае БелТА.

За кошт пазабюджэтных крыніцаў у 2009 годзе было прафінансавана 86% жыллёвага будаўніцтва. За кошт крэдытаў банкаў у 2005-2009 гадах у сярэднім забяспечвалася 45% ўводу ў эксплуатацыю жылля.

Па словах начальніка ўпраўлення, галоўная асаблівасць жыллёвай палітыкі ў Беларусі палягае ў тым, што льготныя крэдыты ў складзе крэдытных рэсурсаў, накіраваных на будаўніцтва жылых дамоў, пераважаюць — яны дасягаюць 95% ад агульнай колькасці крэдытаў. «У 2010 годзе іх значэнне па-ранейшаму вялікае», — адзначыў Аляксандр Горваль.

Спецыяліст нагадаў, што ў кастрычніку 2010 года ў Саўмін быў пададзены праект закона «Аб сістэме жыллёвых будаўнічых зберажэнняў». У праекце ўведзены прававыя нормы, якія датычацца жыллёвай прэміі дзяржавы для ўкладчыкаў, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоваў. Новым фінансавым інструментам павінна стаць выкарыстанне магчымасці здачы жылля ў заклад пад іпатэчнае крэдытаванне.

У Беларусі назіраецца тэндэнцыя росту аб’ёмаў індывідуальнага будаўніцтва жылля, адзначыў Аляксандр Горваль. У цэлым доля інвестыцый на яго да агульнага аб’ёму капітальных укладанняў на жыллёвае будаўніцтва складае 21-26%. У 2009 годзе індывідуальнымі забудоўшчыкамі было пабудавана 1,93 млн. квадратных метраў жылых памяшканняў. Найбольшая доля індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва прыпадае на Мінскую вобласць.

Важным напрамкам патаннення ўзвядзення жылля, на думку Аляксандра Горваля, з’яўляецца буйнапанэльнае домабудаванне. Распрацаваныя серыі дамоў набліжаюцца па камфортнасці да каркасных і цагляных. Пры гэтым, як адзначыў спецыяліст, гэтыя серыі дамоў таннейшыя на 15-30% і прыкладна на столькі ж выйграюць у тэмпах узвядзення. У 2011 годзе плануецца мадэрнізаваць 14 дзейных і аднавіць 8 прадпрыемстваў буйнапанэльнага домабудавання, на што будзе накіравана каля 2 трлн. рублёў.

Таксама да 2015 года ў Беларусі плануецца пабудаваць 6 млн. квадратных метраў жылля па энергаэфектыўнасці стандарту, што складзе 60% ад агульнага аб’ёму жыллёвага будаўніцтва. Комплексная праграма па праектаванні, будаўніцтве і рэканструкцыі энергаэфектыўных жылых дамоў у Беларусі прадугледжвае, што праз 10 гадоў усё будаванае жыллё будзе энергаэфектыўным.

Как вам новость?