У Беларусі за лета знішчылі 164 тоны нарказмяшчальных раслін

27.09.2010 17:22
Архив Редакция

З 1 траўня па 31 жніўня 2010 года беларуская міліцыя ў рамках штогадовай праграмы «Мак», накіраванай на барацьбу з вырошчваннем, зборам і распаўсюдам нарказмяшчальных культур знішчыла 164 тоны нарказмяшчальных раслін. Акрамя таго, за гэты час аператыўнікі выявілі 4,4 тыс. фактаў незаконных пасеваў нарказмяшчальных раслiн, паведамілі ў МУС.

Напрыклад, паблізу вёскі Новая Мільча Гомельскага раёна праваахоўнікі выявілі 9 тон дзікарослых канопляў, а непадалёк ад вёскі Ворсічы Бабруйскага раёна мясцовыя міліцыянты знішчылі 18,7 тон гэтай расліны.

Зыходзячы з аналізу сітуацыі, якая склалася (у 2009 годзе міліцыянты неаднаразова выяўлялі наркаплантацыі і ў пачатку восені), а таксама ўлічваючы ўмовы надвор’я, МУС вырашыла падоўжыць праграму «Мак» да 15 верасня 2010 года.

Усяго з 1 траўня па 15 верасня да крымінальнай адказнасці прыцягнулі 1,1 тыс. асобаў і выявілі 1,4 тыс. злачынстваў, звязаных з незаконным абарачэннем наркотыкаў.

Так, у пачатку верасня былі ўзбуджаныя крымінальныя справы ў дачыненні да чатырох непрацоўных гамельчукоў, якія з траўня па верасень 2010 года вырошчвалі каноплі на палях паблізу вёскі Броды Буда-Кашалёўскага раёна. Сабраны «ўраджай» наркадзялкі рэалізоўвалі ў абласным цэнтры. Пры ператрусе ў затрыманых аператыўнікі канфіскавалі блізу 2,7 кілаграмаў высушанай марыхуаны.

Как вам новость?
Головоломки