У Беларусі за паўгады больш за ўсё падаражэлі бульба, цукар і бензін

12.08.2010 10:58
Архив Редакция

Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі апублікаваў дадзеныя аб змене коштаў у ліпені 2010 года. За першае паўгоддзе харчовыя тавары ў краіне падаражэлі ў сярэднім на 5,1%, нехарчовыя — на 3,8%. Рэкардсменам па росце кошту стала бульба, якая за апошні месяц дадала да сваёй цаны 19,8%, а за першае паўгоддзе гэты прадукт падаражэў на 56,7%.

Сярод іншых харчовых тавараў у першым паўгоддзі 2010 года кошты больш за ўсё выраслі на цукар — 27,8%. Садавіна падаражэла на 10%, малако, алей, кандытарскія вырабы і гарбата — на 7%. Крыху дадалі ў сваёй цане крупы (5,9%), сыры (5,8%), мяса і птушка (4,4%), алкаголь (3,8%). Хлеб падаражэў на 2,3%.

У першым паўгоддзі сярод харчовых тавараў сур’ёзна патаннела толькі садавіна. Яе кошт зменшыўся на 36,9%. Таксама цэны ўпалі на макаронныя вырабы (6,6%) і пшанічную муку (0,2%).

Сярод нехарчовых тавараў больш за ўсё дадаў да свайго кошту бензін — за паўгода 17%.

Пісьмовыя прылады падаражэлі на 9,5%, медыкаменты — на 6,4%, касметыка і парфумерыя — на 4%, тканіны — на 3,6%, посуд — на 3,2%, бытавыя электрапрыборы — на 2,5%. Абутак, гадзіннікі, дывановыя вырабы практычна не змянілі свайго кошту.

Сярод платных паслугаў, якія аказваюцца насельніцтву, у першым паўгоддзі больш за ўсё падаражэлі паслугі пасажырскага гарадскога транспарту — 19,1%. Істотна патаннелі толькі паслугі паветранага транспарту — 4,4%.

Как вам новость?