У Беларусі заднім чыслом павысілі тарыф на паслугі ЖКГ

10.02.2011 10:19
Архив Редакция

Згодна з пастановай Савета міністраў Беларусі № 138 ад 4 лютага ў Беларусі з 1 лютага ўсталёўваюцца новыя тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі. У міністэрстве эканомікі паведамілі, што ў сярэднім плацяжы за паслугі ЖКГ (у разліку на сям'ю з трох чалавек, якая жыве ў двухпакаёвай кватэры агульнай плошчай 48 квадратных метраў) павялічацца на пяць даляраў. 

Згодна з пастановай Саўміна, тарыф на паслугі па тэхнічным абслугоўванні жылых дамоў павялічаны на 4,4% да 309 рублёў на месяц за квадратны метр агульнай жылплошчы. За халодную ваду беларусы з 1 лютага будуць плаціць на 21,2% больш — 467,5 за кубаметр.

У той жа час тарыфы на цеплаэнергію для ацяплення і гарачую ваду не змяніліся (43,4 тыс. рублёў за 1 гігакалорыю). Ранейшымі засталіся тарыфы на каналізацыю (242 за кубаметр), на вываз і абясшкоджванне цвёрдых бытавых (4,7 тыс. рублёў за кубаметр), а таксама на карыстанне ліфтамі (1,4 тыс. рублёў).

Новыя тарыфы ўстанаўліваюцца і на электраэнергію. З 1 лютага за кілават-гадзіну беларусы будуць плаціць 193,8 рублёў. Між тым, пастанова Саўміна ўстанаўлівае таксама тарыфы, дыферэнцыяваныя па часавых перыядах. Так, пры ажыццяўленні дыферэнцыраванага ўліку кошт электраэнергіі ў перыяд мінімальных нагрузак (з 22:00 да 17:00) складае 135,7 рублёў, а ў перыяд максімальных нагрузак (з 17:00 да 22:00) — 387,6 рублёў за кілават-гадзіну. Грамадзяне, чые дамы абсталяваны электраплітамі, будуць плаціць за кілават-гадзіну 164,6 рублёў (115,2 рублёў у перыяд мінімальных нагрузак і 329,2 рублёў — у перыяд максімальных).

Кошт электраэнергіі для патрэбаў ацяплення і гарачага водазабеспячэння з далучанай магутнасцю абсталявання больш за пяць кілаватаў у перыяд мінімальных нагрузак (з 23:00 да 06:00) устаноўлена ў памеры 193,8 рублёў, у астатні час сутак — 581,4 рублёў.

Пастановай Саўміна таксама агавораны кошты для насельніцтва на прыродны і звадкаваны газ. За прыродны газ у жылых дамах і кватэрах і на дачах ў садаводчых таварыствах беларусы будуць плаціць па 307,7 рублёў за кубаметр ў ацяпляльны перыяд і 848,7 рублёў у летні перыяд. Кошт кубаметру прыроднага газу, які выкарыстоўваецца для ацяплення нежылых памяшканняў (акрамя памяшканняў, якія знаходзяцца ў жылых дамах), складзе 946,2 рублёў.

Кошт кубаметру звадкаванага газу, які выкарыстоўваецца ў жылых дамах і кватэрах, у ацяпляльны перыяд складзе 7,2 тыс. рублёў (пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў або газавых воданагравальнікаў), у летні перыяд — 2,2 тыс. рублёў, перадае БелТА.

Акрамя таго, з 1 лютага ўсталёўваюцца новыя тарыфы на халоднае водазабеспячэнне і каналізацыю для грамадзян, якія пражываюць у індывідуальных жылых дамах (катэджах). За аб’ёмы, спажытыя звыш нормаў, зацверджаных мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, грамадзяне будуць плаціць па 1,4 тыс. рублёў за кубаметр халоднай вады і 1,1 тыс. рублёў за кубаметр каналізацыі.

Наймальнікі, уласнікі жылых памяшканняў, члены арганізацый грамадзян-забудоўшчыкаў, жылыя дамы якіх абсталяваны шматтарыфнымі электроннымі прыборамі ўліку электрычнай энергіі або аўтаматызаванымі сістэмамі кантролю і ўліку электраэнергіі, згодна з пастановай, могуць здзяйсняць аплату спажытай электраэнергіі па выбары — зыходзячы з дыферэнцыяваных па часавых перыядах тарыфаў або аднаставачнага тарыфу. Для разлікаў за электраэнергію па дыферэнцыяваных тарыфах у выходныя і святочныя дні прымяняюцца тарыфы, усталяваныя на перыяд мінімальных нагрузак.

Як раней перадаваў Тэлеграф, 18 студзеня, выступаючы на нарадзе па пытаннях развіцця эканомікі, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад урада не павышаць кошт жыллёва-камунальных паслуг больш чым на пяць даляраў на год. Звяртаючыся да членаў урада, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не будзе разглядаць іх цэнавыя прапановы без належнага абгрунтавання.

Как вам новость?
Головоломки