У Беларусі з'явіцца біржавы холдынг

03.02.2011 11:18
Архив Редакция

Беларускія ўлады маюць намер заснаваць у краіне біржавы холдынг. Гэта прадугледжвае праграма развіцця Беларускай універсальнай таварнай біржы на бліжэйшыя пяць гадоў, заявілі ў самой арганізацыі і патлумачылі, што дадзеная мера неабходна для забеспячэння стратэгічнай канкурэнтаздольнасці на біржавым рынку Еўропы і Азіі. 

Холдынгавая кампанія дазволіць хутка і якасна развіваць біржавыя, клірынгавыя, разліковыя і інфармацыйныя сэрвісы, якія шырока выкарыстоўваюцца ў многіх краінах свету, перадае БелТА.

Біржавы холдынг плануюць адкрыць на сучаснай, шматфункцыянальнай IT-платформе. У яго ўвойдуць непасрэдна біржа, яе філіялы, прадстаўніцтвы і даччыныя кампаніі за мяжой і разлікова-клірынгавы цэнтр. Магчыма таксама стварэнне цэнтра інфармацыйных тэхналогій і продажу праграмнага забеспячэння.

Мэта новай праграмы на 2011 — 2015 гады — забяспечыць стабільнае развіццё біржы на працяглы тэрмін і якасна павысіць прывабнасць біржавога таварнага рынку рэспублікі для беларускіх і замежных арганізацый рэальнага і фінансавага сектараў эканомікі. Выкарыстоўваючы вопыт вядучых біржаў ў многіх краінах свету, будуць арганізоўваць мерапрыемствы з мэтай павышэння зацікаўленасці удзельнікаў бізнэсу ў працы на біржавым рынку, забеспячэння патрэбнага ўзроўню ліквіднасці.

Для гэтага збіраюцца шырока дыверсіфікаваць таварную і геаграфічную дзейнасць біржы, а таксама ствараць новыя біржавыя рынкі. Плануецца усе магчымыя рызыкі пры заключэнні біржавых угодаў звесці да мінімуму. Такое зніжэнне разліковых рызык выкліча павышэнне патрабаванняў да фінансавых і дзелавых характарыстык удзельнікаў біржавага гандлю.

Біржа атрымала права праводзіць электронныя аўкцыёны

Акрамя таго, распрацуюць і выведуць на рынак новыя ў Беларусі біржавыя паслугі і інструменты — дзяржзакупкі ў выглядзе электронных аўкцыёнаў, таварныя ф’ючарсы і апцыёны. Беларуская ўніверсальная таварная біржа ўвайшла ў спіс юрыдычных асобаў, якія маюць права праводзіць электронныя аўкцыёны. Гэта зацверджана пастановай Саўміна № 1923 ад 31 снежня 2010 года згодна з указам № 708 ад 30 снежня 2010 года «Аб правядзенні электронных аўкцыёнаў».

На біржы ставяць задачу падняць маркетынгавую палітыку на новы ўзровень і пашырыць міжнародныя сувязі. Запланавана стварэнне і развіццё сеткі даччыных кампаній, устанаўленне агенцкіх адносінаў у Расіі і Украіне, а ў перспектыве — у краінах ЕС.

Будуць наладжвацца і развівацца кантакты з буйнымі замежнымі арганізацыямі пасродкам прыцягнення іх да ўдзелу ў біржавых таргах у краіне. Такім чынам біржа збіраецца прасоўваць свае інтарэсы на знешнія рынкі.

Важным напрамкам працы застаецца таксама развіццё біржавай лагістыкі. Плануецца заснаваць сетку біржавых складоў, пашырыць супрацоўніцтва з транспартна-экспедытарскімі кампаніямі, у якіх ёсць статус біржавых перавозчыкаў.

ААТ «Беларуская ўніверсальная таварная біржа» заснавана ў 2004 годзе, упершыню таргі тут прайшлі ў чэрвені 2005 года. У 2010 годзе кліентамі біржы з’яўляліся 7,9 тыс. суб’ектаў гаспадарання, уключаючы 1,63 тыс. нерэзідэнтаў. У параўнанні з 2009 годам колькасць удзельнікаў біржавы гандлю павялічылася больш чым на 1,3 тыс. На біржы можна купіць металапрадукцыю, лесапрадукцыю, сельгаспрадукцыю, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокага прызначэння.

Як раней перадаваў Тэлеграф, у студзені намеснік прэм’ер-міністра Валерый Іваноў заяўляў, што ў 2011 годзе ў Беларусі з’явіцца льняны холдынг. Адной з найважнейшых пляцовак холдынгу будзе Віцебская вобласць, а галаўным прадпрыемствам стане Аршанскі льнокамбінат. 

Как вам новость?
Головоломки