У Беларусі змяняюцца тэрміны прызыву ў войска

20.05.2011 15:52
Архив Редакция

Да нядаўняга часу ў Беларусі прызыў у войска праходзіў у кастрычніку-студзені і красавіку-ліпені, але з 2011 года ён пераносіцца на люты-травень і жнівень-лістапад. Прызваных будуць адпраўляць у войска ў траўні замест студзеня і ў лістападзе замест ліпеня, у выпадку праходжання службы ў рэзерве — у лістападзе замест ліпеня. Гэта новаўвядзенне звязана са змяненнем тэрмінаў навучальнага года ва Узброеных сілах.

Так, раней ён пачынаўся 1 лютага і заканчваўся 30 лістапада, а цяпер будзе пачынацца 1 сьнежня й сканчацца 31 кастрычніка.

«Прызваць у траўні — ліпені 2011 года на тэрміновую ваенную службу грамадзян Рэспублікі Беларусь мужчынскага полу, якім да дня прызыву споўнілася 18 гадоў і якія не маюць права на адтэрміноўку ад прызыву, а таксама грамадзян прызыўнога ўзросту, якія страцілі права на адтэрміноўку», — абвяшчае ўказ прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі № 200, падпісаны 18 траўня.

Згодна з дакументам, бліжэйшая прызыўная кампанія будзе праходзіць для камплектавання ўнутраных войскаў МУС, органаў памежслужбы, дзяржбяспекі і некаторых іншых падраздзяленняў УС. Агульная колькасць навабранцаў павінна скласці каля трох тысяч чалавек. У наступны прызыў, які пачнецца ў лістападзе, плануецца набраць каля дзесяці тысяч чалавек, у тым ліку і для праходжання службы ў рэзерве.

«Змяненне тэрмінаў навучальнага года і прызыву грамадзян станоўча адаб’ецца на падрыхтоўцы УС», — паведамілі ў міністэрстве абароны. У ведамстве лічаць, што гэта павысіць эфектыўнасць выкарыстання вучэбнай матэрыяльнай базы, у тым ліку і для навучання ваенным баявым дзеянням у зімовых умовах, і аптымізаваць сістэму пераводу ўзбраення і ваеннай тэхнікі на асенне-зімовы эксплуатацыйны рэжым.

Чакаецца, што новыя правілы дадуць маладым людзям больш часу для падрыхтоўкі да выпускных іспытаў і паступлення ў ВНУ — мерапрыемствы прызыву не будуць праходзіць паралельна з імі, упэўненыя ў міністэрстве. «Адпадзе неабходнасць прадстаўлення адтэрміноўкі выпускнікам сярэдніх і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў да 1 верасня», — дадалі там.

Мінабароны: новыя правілы супадаюць з інтарэсамі прызыўнікоў

Акрамя таго, выпускнікі ВНУ і ССНУ, якія скончаць вучобу ў чэрвені-ліпені, да прызыву атрымаюць магчымасць на некалькі месяцаў знайсці працу. «Гэта забяспечыць іх гарантаванае працаўладкаванне па ранейшым месцы працы пасля звальнення з арміі», — растлумачылі ў мінабароны.

Там ўдакладнілі, што па заканчэнні тэрміновай ваеннай службы маладыя людзі паспеюць паступіць ва ўстановы адукацыі адразу ж пасля звальнення. Праўда тыя, хто скончыў службу ў верасні адразу ж па яе заканчэнні змогуць паступіць у ВНУ толькі сельскагаспадарчага профілю.

Як заявілі ў міністэрстве, у студзені навабранцам цяжэй за ўсё адаптавацца да ўмоваў ваеннай службы, паколькі ў гэты перыяд звычайна павышаецца захворванне вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі. Таму кіраўніцтва ведамства спадзяецца, што новыя тэрміны прызыву паспрыяюць зніжэнню ўзроўню захворвальнасці сярод вайскоўцаў.

Как вам новость?