У Беларусі ўзнік дэфіцыт золата і брыльянтаў

08.04.2011 08:55
Архив Редакция

У Беларусі ўзнік дэфіцыт сертыфікаваных брыльянтаў і залатых зліткаў вагой ад 100 грамаў да кілаграма. Гэта звязана з павышаным попытам на іх праз падзенне даверу насельніцтва да рубля. "Разабралі ў першую чаргу буйныя наміналы. Са зліткамі па граме, дзесяць грамаў праблем няма", — паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі Нацбанка Анатоль Драздоў.

Як заяўляюць у Нацбанку, дэфіцыт — гэта часовая з’ява, і хутка зліткі зноў можна будзе свабодна набыць, перадае Reuters.

У чацвер, 7 красавіка, Нацыянальны банк прадаваў кілаграмовыя зліткі золата па кошце ў 51,605 тыс. даляраў, купляў — па кошце ў 50,683 тыс. даляраў. Цэнтральны банк заяўляе, што яшчэ тры-чатыры тыдні не будзе ўводзіць новыя правілы работы валютнага рынку, паколькі цяпер чакаецца паступленне расійскага крэдыту памерам у мільярд даляраў.

За сакавік беларусы набылі ў Нацбанка 470 кілаграмаў золата і 184 дыяменты. За студзень-люты было прададзена 209 кілаграмаў золата і 263 дыяменты.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, па выніках сакавіка аб’ём золатавалютных рэзерваў Беларусі ў нацыянальным вызначэнні знізіўся на 257,9 млн. даляраў і, па папярэдніх дадзеных на 1 красавіка, склаў у эквіваленце 5,25 млрд. даляраў.

У сакавіку чыстая купля насельніцтвам замежнай валюты (наяўнай і безнаяўнай) склала 768,1 млн. даляраў. З-за праблемаў з набыццём валюты ўнутры краіны ў беларускіх турфірмах паменшылася колькасць кліентаў, таксама пацярпелі прадаўцы іншамарак.

Нацбанк прыняў рашэнне не прадаваць замежным банкам замежную валюту для наступнага перапродажу яе насельніцтву.

Как вам новость?