У Беларусі зноў павысіліся кошты на грэчку

03.02.2011 16:11
Архив Редакция

У беларускіх крамах кошт на грэчневыя крупы складае 10-15 тыс. рублёў. (3,33 — 4,99 даляра). Па словах прадаўцоў крамаў і рынкаў, яна можа каштаваць і больш. Акрамя таго, у некаторых гандлёвых кропках Мінску яе няма наогул. «Грэчку па старых цэнах ўсю раскупілі. Цяпер чакаем завозу па новай цане», — паведаміла прадавачка крамы "Рублёўскі". 

Па яе словах, некалькі дзён таму пачак крупаў у 900 грамаў каштаваў 9,6 тыс. рублёў. Якім будзе яе кошт пасля новага завозу, не вядома, піша «Салідарнасць».

Па інфармацыі выдання, мінімальная цана 800-грамовага пакета грэчкі ў крамах складае 8,3 тыс. рублёў, гэта крупы са старога завозу. Аднак у абсалютнай большасці гандлёвых кропак яна каштуе больш за 10 тыс. рублёў. Пачак расійскіх крупаў першага гатунку ў 900 грамаў каштуе 11 тыс. рублёў.

На Камароўскім рынку грэчневыя крупы прадаюць у асноўным па 10-12 тыс. рублёў за 800-900 грамаў. Толькі адзін прадавец выставіў меншую цану — 9,5 тыс. рублёў за 800-грамовую ўпакоўку.

«Гэта кітайская грэчка, таму такая танная. Як правіла, усе гандлююць расійскай. Беларуская ж каштуе яшчэ даражэй, таму на рынку яе практычна няма. Але і гэтыя цэны будуць расці. Праз тры дні будзем заказваць новую партыю па ўжо новай цане», — адзначыла прадавачка.

У суседнім шапіку расійская грэчка першага гатунку з новай партыі каштавала 12,3 тыс. рублёў за 900 грамаў. Такая ж ўпакоўка круппў вышэйшага гатунку прадавалася за 15,1 тыс. рублёў.

Прадаўцы не далі журналісту магчымасць сфатаграфаваць пакет грэчкі з указаннем цаны — яны запатрабавалі спецыяльны дазвол на гэта адміністрацыі рынку. Там у фотаздымцы ўказанага прадукту таксама адмовілі без тлумачэння прычын.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, у першых чыслах верасня 2010 года грэчневыя крупы зніклі з прылаўкаў сталічных крамаў. У Баранавічах 9 верасня цана на грэчку за адзін дзень паднялася ў два разы: калі раней кілаграм круп беларускай вытворчасці каштаваў 2,5 тыс.рублёў, то тады ад 5,2 тыс. рублёў да 5,9 тыс. рублёў. Гэта значыць, на дадзены момант цана на грэчку паднялася ўжо ў чатыры-шэсць разоў.

Как вам новость?