У беларускай апазіцыі ёсць суткі на пагашэнне іску аб масавых беспарадках

21.02.2011 12:03
Архив Редакция

Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне пры Адміністрацыі прэзідэнта, якое з'яўляецца ўладальнікам Дома ўраду ў Мінску, паабяцала адклікаць іск супраць фігурантаў справы аб масавых беспарадках з-за выбітых ў будынку шыбаў. Умовай для адклікання ўказана пагашэнне да 22 лютага ўсёй сумы стратаў (14,048 млн. рублёў, або 4,65 тыс. даляраў).

Ісцец агучыў такія лічбы падчас суду над фігурантам гэтай справы Васілём Парфянковым, што адбыўся 17 лютага.

На мінулым тыдні прадстаўнікам Галоўнага гаспадарчага кіравання пры Адміністрацыі прэзідэнта задалі пытанне, ці скасуюць яны свой іск, калі грамадская ініцыятыва збярэ неабходную суму для пагашэння стратаў. Адказ паступіў станоўчы, паведамляе блогерка adelka.

Грамадскія актывісты арганізавалі збор сродкаў, каб на працэсах па «справе 19 снежня» адвакаты маглі гаварыць, што абвінавачаныя ўжо кампенсавалі страты — гэта служыла б яшчэ адным аргументам для зняцця абвінавачання. «Неабходна зрабіць гэта вельмі тэрмінова — да аўторка, калі пачынаюцца суды над наступнымі абвінавачанымі, каб у судзе грамадзянскі іск ім не прад’яўлялі», — паведамілі арганізатары збору.

Па іх словах, на дадзены момант сабрана каля паловы неабходнай сумы. Працяг збору сродкаў праходзіць на мінскім офісе партыі БНФ, які знаходзіцца па адрасе вуліца Машэрава, 8.

Як ужо паведамляў Тэлеграф, першым прысудам па справе аб масавых беспарадках сталася чатыры гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму. Менавіта такі прысуд Васілю Парфянкову вынесла суддзя Вольга Комар, прызнаўшы маладога чалавека вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Апазіцыянера таксама абавязалі выплаціць кампенсацыю матэрыяльнай страты ў памеры больш за 14 млн. рублёў за пабітыя дзверы ў Доме ўрада.

Другі працэс па «справе 19 снежня» пачнецца 22 студзеня ў 10:00 ў Маскоўскім райсудзе Мінску. Будуць судзіць расійскіх грамадзянаў Івана Гапонава і Арцёма Брэуса, якія цяпер утрымліваюцца ў СІЗА па вул. Валадарскага і абвінавачваюцца таксама ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

Как вам новость?
Головоломки