У беларускія музеі сёння можна трапіць бясплатна

18.05.2011 14:50
Архив Редакция

У сераду, 18 траўня, усе дзяржаўныя музеі Беларусі прымаюць наведнікаў бясплатна ў сувязі з святкаваннем Міжнароднага дня музеяў. Як паведаміла галоўная спецыялістка аддзелу музеяў і выстаў міністэрства культуры Святлана Гаўрылава, традыцыйна ў Дзень музеяў наведнікаў чакае цікавая праграма.

Напрыклад, праграма Дзяржаўнага музея тэатральнай і музычнай культуры:

16:00 — адкрыццё выставы індыйскіх музычных інструментаў, якія перадала ў фонды музея Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі.

17:00 — выстава аднаго экспаната — карціны беларускага жывапісца Міхаіла Філіповіча, у 1937 году аўтар падарыў яе партрэтыст Міхаілу Станюту.

18:00 — канцэрт салісткі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Настасіі Масквіной.

У Гомельскім палацава-паркавым ансамблі адбудзецца міжнародная канферэнцыя «Музеі і традыцыйная культура». Тут таксама будзе прэзентаваны першы ў Беларусі аўдыёгід для правядзення экскурсій па экспазіцыі ансамбля.

Каля будынку Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея, што ў Віцебскай вобласці, пройдзе інтэрактыўная праграма «Забавы ў стылі рэтра» з дэманстрацыяй прадметаў традыцыйнага побыту беларусаў з фондаў музея.

Усяго, адзначыла Святлана Гаўрылава, у краіне працуе 153 дзяржаўных музеі, уключаючы чатыры нацыянальныя і 13 — рэспубліканскага падпарадкавання.

Краязнаўчых музеяў у рэспубліцы больш за ўсё — 52%, затым ідуць этнаграфічныя і гістарычныя (23%), мастацкія (13%) і літаратурныя (10%). Таксама дзейнічае 479 музеяў сістэмы міністэрства адукацыі, каля 200 музеяў іншых ведамстваў, 14 музеяў, якія створаны грамадскімі аб’яднаннямі, і сем прыватных, перадае БелПАН.

Как вам новость?
Головоломки