У беларускіх крамах пачаліся перабоі з квасам

13.08.2010 16:23
Архив Редакция

У многіх беларускіх крамах у жніўні пачаліся перабоі з пастаўкамі квасу. Таваразнаўцы паведамілі, што ў апошні час пастаўкі квасу "Крынiца", "Хатні", "Лідскі" сталі ненадзейнымі: можна падаць заяўку на прадпрыемства-вытворца і атрымаць адмову.

«Наша прадпрыемства працуе на поўную магутнасць, але попыт на квас гэтым летам проста рэкордны», — паведаміла дырэктарка па продажах ААТ «Лідскае піва» Алена Аўдзеенка. Па яе словах, у ліпені 2010 года кампанія зрабіла 6,5 млн. літраў квасу — у 1,5 разы больш, чым у 2009 годзе. Аднак, паводле падлікаў спецыялістаў кампаніі, для задавальнення заявак гандлёвых аб’ектаў неабходна як мінімум 10 млн. літраў.

Больш за тое, у жніўні гэтага года ўзніклі праблемы з квасным суслам: беларускі вытворца ўжо не здольны справіцца з павышаным попытам. У цяперашні час вядуцца пошукі новага пастаўшчыка сусла. У сувязі з гэтым вытворчасць «Лідскага квасу» вымушаны былі скараціць на траціну. Тым не менш, на заводзе абяцалі вырашыць праблему ў найбліжэйшыя тыдні.

У кампаніі «Heineken у Беларусі», дзе вырабляюць квас «Хатнi», таксама расказалі, што гэтым летам продажы квасу выраслі больш чым у два разы. Тым не менш, нават пры поўнай загрузцы магутнасцяў двух заводаў — «Сябар» і «Рэчыцапіва» кампаніі не заўсёды ўдаецца выканаць заяўкі гандлёвых сетак у поўным аб’ёме, перадае «Народная газета».

На ААТ «Крынiца» паведамілі, што продажы разліўнога квасу тут павялічыліся на 20%, у ПЭТ-ўпакоўцы — на 48%. Вялікіх праблемаў з квасным суслам заводу ўдалося пазбегнуць дзякуючы таму, што яго вытворчасць запусцілі на філіяле ў Полацку. Але гэтае лета паказала: магутнасці трэба павялічваць.

Как вам новость?