У беларускіх лясах захоўваецца надзвычайная пажарная небяспека

18.08.2010 15:45
Архив Редакция

Нягледзячы на дажджы, якія прайшлі ў шэрагу беларускіх рэгіёнаў, на ўсходзе краіны па-ранейшаму захоўваецца надзвычайная пажарная небяспека. Пра гэта паведаміў вядучы спецыяліст аддзелу па ўзнаўленні, ахове, абароне лесу, навукі і надзвычайных сітуацыях Міністэрства лясной гаспадаркі Павел Дземянцей.

Мінлясгас не спяшаецца адмяняць 5-ы клас пажарнай небяспекі ў рэспубліцы. У лясных гаспадарках Гомельскай і Магілёўскай абласцей, як і раней, вядзецца кругласутачнае дзяжурства, прымаюцца аператыўныя меры па ліквідацыі лясных пажараў, перадае БелТА.

Павел Дземянцей адзначыў, што дажджоў, якія прайшлі ў некаторых рэгіёнах, яшчэ недастаткова для зніжэння класу пажарнай небяспекі ў лясах. «Людзі павінны дакладна разумець, што любое неасцярожнае абыходжанне з агнём можа прывесці да пажару. Міністэрства лясной гаспадаркі настойліва заклікае грамадзянаў з разуменнем паставіцца да мераў, што для прадухілення лясных пажараў і захавання спрыяльнай экалагічнай абстаноўкі», — сказаў прадстаўнік мінлясгаса.

Па ацэнцы спецыялістаў, найбольш цяжкая сітуацыя складваецца ў лясах, якія мяжуюць з вадаёмамі, дзе самая высокая рэкрэацыйная нагрузка. Таму ў такіх месцах узмоцнена патруляванне, што дазваляе своечасова выяўляць асяродкі ўзгаранняў.

Мінлясгас: за 17 жніўня ў Беларусі адбылося 15 лясных пажараў

Так, за мінулыя суткі (17 жніўня) у лясным фондзе мінлясгаса адбылося 15 пажараў на плошчы 7,4 гектара. Шэсць ачагоў узгарання зарэгістравана ў Гомельскай, пяць — у Віцебскай, тры — у Магілёўскай і адзін — у Мінскай абласцях.

Усяго з канца сакавіка 2010 года ў лясным фондзе мінлясгаса адбылося 504 пажары, у выніку якіх пацярпела 326,3 гектара лесу. Больш за ўсё пажараў адбылося ў Гомельскай вобласці — 197 выпадкаў на 92,6 гектара. Самая вялікая плошча пацярпелага лесу ў Магілёўскай вобласці — 128,9 гектара ў выніку 116 пажараў.

У іншых рэгіёнах Беларусі пажарная сітуацыя застаецца стабільнай. Так, за апошнія дзесяць дзён у Берасцейскай і Гарадзенскай абласцях пажары не зарэгістраваныя.

Как вам новость?
Головоломки