У беларускіх школах з'явяцца электронныя падручнікі па фізкультуры

03.08.2010 11:42
Архив Редакция

У беларускіх школах з'явяцца адзіныя ў СНД электронныя падручнікі па фізкультуры, распрацоўкай якіх займаюцца навукоўцы Гарадзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы. Як распавяла аўтарка праекту Валянціна Навойчык, новая іх распрацоўка — электронны вучэбна-метадычны дапаможнік для заняткаў баскетболам — першы і адзіны ў СНД.

Электронны дапаможнік дазваляе ўбачыць у хуткім і павольным тэмпе выкананне практыкаванняў, дае магчымасць раскадраваць яго, а флэш-анімацыя — растлумачыць вучню культуру руху па спартовай пляцоўцы. Камп’ютарныя тэхналогіі вырашаюць галоўную задачу — павышаюць якасць правядзення ўрокаў, паведамляе Белтэлерадыёкампанія.

«Гэты падручнік дэманструецца ў зале на экране. Дзеці глядзяць і ўсё гэта проста ў зале паўтараюць. Мы ўжо ў некалькіх школах спрабавалі. Значна вырасла цікавасць дзяцей да ўроку», — расказала Валянціна Навойчык.

Па словах спецыялісткі, ужо гатовы электронны падручнік і па валейболе. Хутка з’явяцца дапаможнікі па аэробіцы і Атлетычнай гімнастыцы. Праз камп’ютарныя тэхналогіі прыцягваць дзяцей да спорту — такая стаіць задача. На думку кіраўніцтва галіны, звычайны папяровы падручнік па фізкультуры ўжо састарэў. Ёсць і асцярога, што настаўнікі прымусяць яго канспектаваць замест таго, каб прайсціся на лыжах або пабегаць на стадыёне.

Как вам новость?