У беларускіх ВНУ заднім чыслом паднялі аплату за навучанне

18.01.2011 12:14
Архив Редакция

У беларускіх ВНУ заднім чыслом вырасла плата за навучанне. Загады, якія датычацца зменаў кошту навучання і памераў аплаты ў 2010-2011 навучальным годзе, з'явіліся ў ВНУ ў пачатку студзеня. Як тлумачаць у ВНУ, павелічэнне аплаты абгрунтавана інструкцыяй аб кошце платнага навучання № 38 міністэрства адукацыі.

Згодна з дакументам, кошт платнага навучання вызначаецца на навучальны год у залежнасці ад формы навучання (дзённая, завочная, вячэрняя) і можа дыферэнцавацца па спецыяльнасцi (спецыялiзацыi). Акрамя таго, у ВНУ падкрэсліваюць, што ў краіне ў мінулым годзе двойчы павялічылася стаўка першага разраду: на 10% — з 1 чэрвеня і на 30% — з 1 лістапада. Гэта азначае, што выкладчыкам плаціць трэба больш. Акрамя таго, павялічыліся выдаткі на ацяпленне і ваду, перадаюць «Беларускія навіны».

Такім чынам, у Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце паводле загаду «Аб змяненні кошту навучання і памерах этапаў аплаты ў 2010-2011 навучальным годзе» ад 5 студзеня 2011 навучанне першакурснікаў складае ад 4 416 820 да 4 464 890 беларускіх рублёў на год. У апошні раз плата за навучанне тут паднімалася летам 2010 года.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі навучанне складзе ад 4,5 млн. да 5,2 млн. рублёў. Тут плата паднялася заднім чыслом — з 1 лістапада паводле загаду ад 12 студзеня.
 
Бухгалтэрыі ўніверсітэта прадпісана здзейсніць пераразлік даплатаў за восеньскі семестр 2010-2011 навучальнага года для студэнтаў дзённай і завочнай формы навучання, магістрантаў вочнай і завочнай формаў навучання і паведаміць у дэканаты факультэтаў і ў кіраванне падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі.

Беларускія студэнты-медыкі плоцяць больш за ўсіх

У 2010 годзе аплата навучання для першакурснікаў БДУІР складала ад 3,8 млн. да 4,3 млн. рублёў, а ў 2009 годзе — ад 3,2 млн. да 3,8 млн. рублёў.

Пакуль не павялічылі плату ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, Беларускім дзяржаўным універсітэце і некаторых іншых ВНУ. «Гэта справа часу. Пра павелічэнні пачуем літаральна на днях», — кажуць у неафіцыйнай гутарцы супрацоўнікі ВНУ.

Дарэчы, студэнты-медыкі першага курса БДМУ плоцяць за навучанне 5,34 млн. рублёў у год, будучыя стаматолагі — 6,54 млн. рублёў. У 2009 годзе аплата за навучанне складала 4,98 млн. і 6 млн. рублёў адпаведна.

На сайце БДУ — пакуль старыя кошты на навучанне і зварот рэктара Сяргея Абламейкі. У ім адзначаецца, што на працягу ўжо многіх гадоў ва ўніверсітэце праводзіцца палітыка стрымлівання росту аплаты за навучанне.

«…Варта нагадаць, што аплатныя Вамі выдаткі складаюць толькі палову ад агульных выдаткаў на навучанне ва ўніверсітэце, другую палову выдаткаў папаўняе дзяржава. У іншых ВНУ нашай краіны студэнты пакрываюць да 80% платы за навучанне. У нас гэта складае меншы працэнт у сувязі з тым, што дзяржава накіроўвае вялікія сродкі на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы БДУ», — гаворыцца ў заяве рэктара.