У "Белтэлекама" не хапае месцаў для пераносу сервераў у Беларусь

09.06.2010 12:20
Архив Редакция

Беларускія хостынг-правайдары сутыкнуліся з недахопам месцаў у дата-цэнтры «Белтэлекама» пры пераносе з-за мяжы сервераў з мэтай размясціць іх у Беларусі, як таго патрабуе ўказ кіраўніка дзяржавы № 60 аб інтэрнэце. Па словах дырэктара кампаніі Extmedia Максіма Саўчанкі, якая першай пачала пераносіць свае серверы ў Беларусь, акрамя недахопу месцаў хостынг-кампаніі адчуваюць і каласальныя выдаткі.

«Мы выкупілі серверы, якія выкарыстоўвалі на замежных пляцоўках, — распавёў дырэктар Extmedia. — Цяпер мы іх фізічна перавозім у Беларусь, а сайты мы перанеслі загадзя на серверы ў Беларусі, каб у кліентаў не было перапынкаў у абслугоўванні. Абсталяванне мы размяшчаем ў ЦАД на Захарава. Наколькі мне вядома, у іх ёсць праблемы, таму што вялікі попыт, і яны, магчыма, не былі гатовыя, але нам пайшлі насустрач і далі некалькі стоек».

У сваю чаргу, кіраўнік hoster.by Сяргей Поавалішаў таксама паведаміў, што кампанія пачала пераносіць сайты з Масквы ў Мінск. «Мы закупілі новае абсталяванне, размяшчаем яго ў «Белтэлекаме» і пераносім дадзеныя. Пераносім на Убарэвіча, таму што на Захарава месца ўжо няма», — сказаў Сяргей Павалішаў, паведамляе «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Па словах дырэктара hoster.by, выдаткі на перанос абсталявання даволі вялікія. «Да прыкладу, пры перавозе праз мяжу сервер становіцца амаль удвая даражэйшы, а на закупку новага абсталявання патрабуюцца дзесяткі тысяч даляраў. Толькі адзін сервер можа каштаваць больш за дзесяць тысяч даляраў. Усе гэтыя выдаткі ў выніку кампаніям прыйдзецца перанесці на карыстальнікаў», — канстатаваў Сяргей Павалішаў.

«Белтэлекам» прапанаваў хостарам развіваць сваю інфраструктуру

Між тым, кіраўнік піяр-службы «Белтэлекама» Аляксей Федарынчык прапанаваў беларускім хостынг-кампаніям развіваць сваю інфраструктуру, паколькі «Белтэлекам» прадастаўляць месца пад серверы не абавязаны.

«Дата-цэнтр «Белтэлекама» — гэта не грамадскі транспарт, груба кажучы, — заявіў Аляксей Федарынчык. — Гэта бізнэс, якім могуць займацца іншыя кампаніі. Таму хапае ці не — гэта бізнэс нашай кампаніі, і мы вызначаем, колькі мы можам вылучыць месца. Акрамя двух пляцовак у Мінску, ёсць яшчэ па адной у кожным абласным цэнтры. Таму нейкае месца ёсць».

Акрамя таго, некаторыя эксперты ў «Белтэлекаме», а таксама ў міністэрстве сувязі і інфарматызацыі мяркуюць, што калі трафік сканцэнтраваць ў Беларусі, то і інтэрнэт стане танней, так як 90% трафіка ў Беларусі — з-за мяжы, і за яго «Белтэлекам» плоціць грошы знешнім аператарам.

Как вам новость?
Головоломки