У Берасці распачалі крымінальную справу аб карупцыі ў праваахоўных органах

23.08.2010 11:35
Архив Редакция

Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС затрымала пасярэдніка ў перадачы буйнога хабару. Затрыманы жыхар Берасця падбухторваў двух дырэктараў буйных прадпрыемстваў да перадачы хабару службовым асобам праваахоўных органаў за спрыяльнае вырашэнне пытання аб вызваленні іх ад крымінальнай адказнасці.

За вызваленне ад крымінальнай адказнасці заплацілі дырэктар ЗАТ «Брэстаблрапс» і генеральны дырэктар СП «Сельскагаспадарчыя паслугі». У рамках дамоўленасці пасярэднік атрымаў 150 млн. рублёў, пасля чаго быў затрыманы, паведамляе «Ежедневник».

Менавіта гэтымі прадпрыемствамі ў апошні час займаўся Камітэт дзяржаўнага кантролю (КДК), які ў жніўні апынуўся ў цэнтры антыкарупцыйнай апэрацыі, распачатай Камітэтам дзяржбяспекі.

Раней прыватнае прадпрыемства ЗАТ «Брэстаблрапс» абавязалася пабудаваць завод па вытворчасці рапсавага алею ў Берасцейскай вобласці. Па гэтай прычыне яно было ўключана ў дзяржпраграму развіцця галіны і атрымала дзяржзаказ. Больш за тое, ЗАТ «Брэстаблрапс» атрымала шэраг ільгот не толькі пад будаўніцтва завода, але і пад закупку ў насельніцтва рапсу. Аднак сваіх абавязацельстваў прадпрыемства не выканала.

Па словах старшыні КДК Зянона Ломаця, «фізасобы атрымаўшы дзяржзаказ, заняліся замест перапрацоўкі рэалізацыяй гэтага рапсу як камерцыйная структура». КДК правёў праверку прадпрыемства і выявіў яшчэ мноства фактаў пратэкцыянізму з боку асобных чыноўнікаў.

У сваю чаргу, прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі запатрабаваў ад КДК перадаць матэрыялы па ЗАТ «Брэстаблрапс» у Дэпартамент фінансавых расследаванняў альбо ў іншыя праваахоўныя органы для дачы прававой ацэнкі дзеянням кіраўнікоў прадпрыемства.

Як сведчаць дадзеныя ГУБАЗіК МУС, менавіта ў гэты час на дырэктара прадпрыемства і выйшаў пасярэднік з прапановай даць хабар за вырашэнне пытання аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці.

У цяперашні час у дачыненні да затрыманага пасярэдніка ўзбуджаная крымінальная справа па прыкметах здзяйснення ім злачынства, прадугледжанага ч.5 ст.16, ч.2 ст.431 КК Беларусі (падбухторванне да дачы хабару ў буйным памеры). Вядзецца прапрацоўка яго сувязяў з мэтай высвятлення пытання, каму ён меў намер перадаць атрыманыя 150 млн. рублёў.

Как вам новость?
Головоломки