У Берасці спёка прывяла да нашэсця кажаноў

19.07.2010 10:25
Архив Редакция

У адным з прыватных дамоў Берасця пасялілася калонія кажаноў. Па прыблізных дадзеных, яна налічвае больш за 100 асобінаў. Аблюбаваць новае месца жыхарства жывёлінаў, па словах спецыялістаў, прымусіла нябачаная спёка.

Умовы прыватнага дома ідэальныя для кажаноў. «Тут яны адчуваюць камфорт: ёсць вільготнасць, абароненыя ад спякоты», — кажа старэйшая выкладчыца кафедры заалогіі і генетыкі Берасцейскага дзяржаўнага універсітэта Марыя Дзям’янчык, паведамляе «Сталічнае тэлебачанне».

Па словах спецыялістаў, шматпавярховыя дамы таксама выгодныя для кажаноў, адтуль ім зручна вылятаць. Цяпер спецыялісты адзначаюць тры зоны, у якіх кажаны прыносяць клопат людзям: Берасце, Берасцейскі раён і Бяроза.

Кажаны і раней сяліліся ў дамах людзей, аднак, сёлета колькасць такіх выпадкаў істотна вырасла. «Прычынай такіх паводзінаў сталіся няпростыя ўмовы прамінулай зімы. На зімоўку засталіся аселыя асобіны, якія не наважыліся на пералёт. Яны актыўна размнажаліся на нашай тэрыторыі. Таму цяперашняя папуляцыя жыве на адным месцы круглы год, што для гэтых жывёлаў нехарактэрна», — распавёў намеснік дырэктара па навуковай працы Палескага аграрна-экалагічнага інстытута НАН Беларусі Віктар Дзям’янчык.

Спецыялісты з мінпрыроды ў цяперашні момант распрацоўваюць дзеянні, якія дапамогуць вырашыць сітуацыю, паведамляе «Народная газета». Аднак, навукоўцы кажуць, што падставаў для асаблівага хвалявання няма. «Кажаны на чалавека проста так не нападаюць і не кусаюцца. Яны кусаюцца толькі ў тым выпадку, калі ім пагражае нейкая небяспека», — сказала Марыя Дзям’янчык.

Акрамя таго, жыхары прыватнага дома ў Берасці, дзе пасялілася калонія кажаноў, знайшлі свае плюсы ў наяўнай сітуацыі. У доме зніклі палявыя мышы і камары. Бо за гадзіну адзін кажан з’ядае да тысячы насякомых.

Как вам новость?