У Берасці затрымалі падлеткаў, якія апаганілі каталіцкія могілкі

31.08.2010 13:42
Архив Редакция

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку і інспекцыі па справах непаўнагадовых Маскоўскага РАУС Берасця затрымалі трох падлеткаў, якіх падазраюць у апаганенні 60 магіл на каталіцкіх могілках гораду ў ноч з 23 на 24 жніўня. Пра гэта паведаміў начальнік аддзелу інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Берасцейскага аблвыканкама Віктар Васілеўскі.

Праваахоўнікі выявілі, што затрыманыя падлеткі (двум з іх па 16 гадоў, трэцяму — 15) ні ў якія секты, у тым ліку дэструктыўныя, не ўваходзяць. Як патлумачылі міліцыянтам самі затрыманыя, на тэрыторыю могілак яны праніклі праз пралом у агароджы, каб папіць піва ўдалечыні ад дарослых, перадае БелТА.

Па словах падлеткаў, апаганьваць магілы яны не збіраліся. Аднак, пасля таго, як, прытулены да аднаго з надмагілляў, яно ўпала з-за ветхасць, падлеткі пачалі правяраць на трываласць і астатнія помнікі. У выніку, рукамі і нагамі правапарушальнікі збілі з пастаментаў і павалілі на зямлю каля 60 надмагілляў.

Па факце вандалізму ў дачыненні да затрыманых праваахоўныя органы ўзбудзілі крымінальную справу. У цяперашні час следчыя мерапрыемствы яшчэ праводзяцца. Могілкі «Каталіцкія», апаганеныя маладымі людзьмі, у цяперашні час ужо не дзейнічаюць. Іх адкрылі ў сярэдзіне XIX стагоддзя, а апошнія пахаванні датаваныя першай паловай XX стагоддзя.

Как вам новость?