У Берасцейскай вобласці егер адкрыў агонь па людзях

28.12.2010 15:19
Архив Редакция

У Івацэвіцкім раёне Берасцейскай вобласці егер леса-паляўнічай гаспадаркі "Выганаўскае" цяжка параніў са стрэльбы супрацоўніка заказніка рэспубліканскага значэння "Выганашчанскае", які знаходзіўся пры выкананні службовых абавязкаў. Супрацоўнікі Івацэвіцкага РАУС затрымалі егера і маюць намер прад'явіць яму абвінавачанні ў наўмысным нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

Як распавёў дырэктар заказніка «Выганашчанскае» Сяргей Габец, інцыдэнт адбыўся ўвечары 22 снежня. Выпускнік біяфаку БДУ гэтага года Мікалай Варабей, толькі ў жніўні прыступіў да працы, і яшчэ два супрацоўнікі заказніка ажыццяўлялі вячэрні патруль тэрыторыі. Заўважыўшы падазронага чалавека, яны гукнулі яго, а ў адказ пачулі некалькі стрэлаў са стрэльбы.

У выніку Мікалаю Вераб’ю егер прастрэліў абодва калены і адстрэліў вялікі палец левай рукі. У пацярпелага таксама пашкоджаныя сушчэпы, вены, сухажыллі. Пакуль мужчыну даставілі ў Івацэвіцкую раённую бальніцу, ён страціў шмат крыві, таму медыкам давялося змясціць пацярпелага ў рэанімацыю, перадае БелаПАН.

Сяргей Габец лічыць, што справа патрабуе ўмяшання пракуратуры. Перад стрэлам егера паклікалі словамі «лясны патруль», таму мужчына не мог пераблытаць супрацоўніка заказніка са зверам і стрэліў наўмысна, перакананы дырэктар заказніка. Сяргей Габец не выключыў магчымасці, што егер займаўся браканьерствам, бо ў егера ўжо былі канфлікты на гэтай глебе.

Разам з тым, затрыманага егера ўвечары 26 снежня вызвалілі з-пад варты. Следчы следчага аддзела папярэдняга расследавання Івацэвіцкага РАУС Іван Папко растлумачыў, што падазраваны адпушчаны, паколькі скончыліся 72 гадзіны, на працягу якіх без прад’яўлення абвінавачання ён можа знаходзіцца пад вартай. Па словах следчага, на працягу належных па законе 10 дзён прад’явіць егеру абвінавачанне не ўяўляецца магчымым. Тым не менш, прызначаны шэраг экспертыз, каб высветліць акалічнасці стрэлу. Гэта можа заняць каля месяца.

Разам з тым стан параненага егерам мужчыны дзякуючы намаганням лекараў стабілізаваўся. 27 снежня мужчыну накіравалі ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр траўматалогіі і артапедыі ў Мінск.

Как вам новость?