У бліжэйшыя дні ЕС прадставіць план рэформаў для Беларусі

02.11.2010 14:10
Архив Редакция

Чыноўніца Еўракамісіі паведаміла, што эксперты ЕС падрыхтавалі Сумесны прамежкавы план (СПП), у якім прапануюць Беларусі правесці рэформы ў сферы палітыкі, дэмакратыі і правоў чалавека, судовай сістэмы і эканомікі. Паводле слоў спецыялісткі, Еўракамісія завяршае працу над дакументам і "вельмі хутка, у бліжэйшыя дні" ён будзе прадстаўлены грамадскасці.

«Спачатку СПП будзе прадстаўлены краінам Еўрасаюза, яны абмяркуюць ягоны змест, унясуць свае заўвагі. Калі яны дамовяцца па ўсіх пытаннях, то зможам рухацца далей, да размоваў з беларускім бокам. Пад гэтым маюцца на ўвазе перамовы з уладамі, а таксама кансультацыі з грамадзянскай супольнасцю. Мы лічым важным, каб беларускае грамадства ў цэлым было пракансультаванае па праграме рэформаў», — адзначыла чыноўніца, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Па словах прадстаўніка Еўракамісіі, у дакуменце будуць адлюстраваны рознабаковыя рэформы. «Рэформы ў палітычнай сферы, сферы дэмакратыі і правоў чалавека, судовай сістэме. А таксама сферы эканамічнай, у тым ліку ў энергетычным сектары, з тым каб зрабіць беларускую эканоміку больш канкурэнтаздольнай», — патлумачыла яна.

Пры гэтым, паводле слоў спецыялісткі, дакумент не ўтрымлівае папярэдніх умоў для беларускіх уладаў. «Мы не бачым прычын выстаўляць ніякія папярэднія ўмовы для правядзення рэформаў. Лічым, што рэформы павінны пачацца як мага раней. Прыйшоў час абмеркаваць з беларускім бокам, як яны будуць праходзіць, і як мы можам дапамагчы Беларусі іх ажыццявіць», — дадала прадстаўніца Еўракамісіі.

«СПП — інструмент для правядзення рэформаў. Сутнасць дакумента — у рэформах, якія чакаюцца ў Беларусі, і ў нашай падтрымцы рэфармавання ва ўсіх сферах. З тым, каб Беларусь стала бліжэйшай да нас не толькі ў каштоўнаснай сферы, але развівала кантакты паміж людзьмі, набыла моцную эканоміку», — падкрэсліла спецыялістка.

Еўракамісія: рашэнне аб санкцыях — гэта збалансаваны падыход

Па словах прадстаўніцы Еўракамісіі, рашэнне ЕС аб прадаўжэнні санкцый у дачыненні да высокапастаўленых чыноўнікаў Беларусі і адначасовым увядзенні мараторыя на іх ўжыванне — гэта «збалансаваны падыход». «Дзеянне санкцый працягваецца, адначасова яны часткова замарожаныя. Гэта выразнік таго, што Еўрасаюз расчараваны ступенню прагрэсу. Пазіцыя ЕС, выражаная ў заключэнні Рады ЕС, ясная: ад Беларусі чакаецца большы прагрэс», — патлумачыла чыноўніца.

Пры гэтым, як адзначыла прадстаўніца Еўракамісіі, замарозка размешчанай у Еўропе маёмасці і банкаўскіх актываў беларускіх чыноўнікаў застаецца ў сіле.

Як раней паведамляў Тэлеграф, у панядзелак, 25 кастрычніка, Рада Еўрасаюза прыняла рашэнне аб падаўжэнні візавых санкцыяў у дачыненні да 41 высокапастаўленага беларускага чыноўніка і мараторый на іх выкананне ў дачыненні да 36 чалавек, уключаючы прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку. Санкцыі падоўжаныя да 31 кастрычніка 2011 года, гаворыцца ў рэзалюцыі ЕС.

Как вам новость?
Головоломки