У цэнтры Мінску 29 чэрвеня сустрэнуцца "маўчуны" і "танцоры"

29.06.2011 12:10
Архив Редакция

З 18:00 да 21:00 29 чэрвеня на Кастрычніцкай плошчы Мінску гарадскія ўлады арганізоўваюць маладзёжную дыскатэку. Арганізатары кампаніі "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" перакананыя, што такім чынам улады спрабуюць перашкодзіць правядзенню чарговай акцыі маўклівага пратэсту, якія на працягу апошняга месяца ладзяцца кожную сераду.

Арганізатары акцыі лічаць гэта «правакацыяй уладаў». «Такім няхітрым спосабам ўлады паспрабуюць супрацьстаяць нашай акцыі — маскіруючы яе пад афіцыйнае мерапрыемства, каб затым расказаць па ілжэ-ТБ аб усенароднай падтрымцы. Відавочна, не абыдзецца і без правакацый», — заявіў адзін з арганізатараў групы «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі».

Між тым, студэнт адной з навучальных устаноў Мінску паведаміў, што адміністрацыя атрымала загад накіраваць 29 чэрвеня на Кастрычніцкую плошчу па 100 студэнтаў — прыхільнікаў прэзідэнта з ліку членаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Па словах маладога чалавека, тыя, хто прыйдуць «павінны процідзейнічаць ўдзельнікам так званай «маўклівай» акцыі», перадае «Народная воля«.

Арганізатары акцыі маўклівага пратэсту заклікаюць людзей, якія прыйдуць увечары на плошчу, не паддавацца на правакацыі.

Аналагічны заклік прагучаў і з вуснаў прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Выступаючы 28 чэрвеня перад былымі студэнтамі беларускіх ВНУ на рэспубліканскім балі выпускнікоў, Аляксандр Лукашэнка папрасіў маладых людзей «не паддавацца ні на якія правакацыі і авантуры, быць сапраўднымі патрыётамі, сумленнымі і адказнымі грамадзянамі сваёй краіны».

Как вам новость?
Головоломки