У Чанчуні адкрыўся беларуска-кітайскі тэхнапарк

11.10.2010 09:49
Архив Редакция

Беларуска-кітайскі тэхнапарк адкрыўся ў кітайскім горадзе Чанчунь. Пачатак гэтаму праекту даў сёння, 10 кастрычніка, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы Нацыянальны павільён Кітая на Сусветнай выставе "ЭКСПА-2010" у Шанхаі. Беларускі лідар дакрануўся да шару, ажыццявіўшы тым самым сімвалічнае адкрыццё тэхнапарку.

З ініцыятывай стварэння тэхнапарку выступіў Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Беларусі ў лістападзе 2009 года для пашырэння праграм навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва з КНР. Гэты праект рэалізуецца ў зоне высокатэхналагічнай вытворчасці горада Чанчунь, перадае БелТА.

Каля 15 прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у яе склад, маюць даўнія ўстойлівыя сувязі з беларускімі навуковымі і інавацыйнымі арганізацыямі, рэгулярна прымалі ўдзел у праграмах навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва.

Як адзначыў падчас цырымоніі адкрыцця старшыня Дзяржаўнага камітэту па навуцы і тэхналогіях Беларусі Ігар Войтаў, стварэнне тэхнапарку азначае сур’ёзны прарыў у навукова-тэхнічным супрацоўніцтве дзвюх краін.

«Ён станецца платформай для працы над сумеснымі праектамі і далейшым прасоўваннем прадукцыі не толькі на рынак Кітая, але і суседніх краін. Праца тэхнапарка будзе весціся па распрацоўцы электронных, лазерных тэхналогій, аграпрамысловых, біятэхналогій і іншых», — адзначыў Ігар Войтаў.

Падобны тэхнапарк плануецца адкрыць і ў Беларусі для стварэння высокатэхналагічных, энерга-і навукаёмістых тэхналогій. Як лічыць надзвычайны і паўнамоцны пасол Беларусі ў Кітаі Анатоль Тозік, гэта вельмі перспектыўны напрамак працы дзвюх краін.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка агледзеў таксама экспазіцыі Нацыянальнага павільёна Кітая. Прэзідэнт Беларусі падняўся на 12-й паверх павільёна, дзе быў прадстаўлены прэзентацыйны фільм пра Кітай. У зале «Зямля надзеі» Аляксандр Лукашэнка паглядзеў дэманстрацыйны ролік «Пад адным дахам». Затым ён пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей. У якасці сувеніра яму быў уручаны макет Нацыянальнага павільёна Кітая.

Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама пабываў і ў Нацыянальным павільёне Беларусі, дзе азнаёміўся з яго экспазіцыяй, агледзеў асартымент беларускай прадукцыі, якая прадаецца ў сувенірнай краме. Як заўважылі прадаўцы, вялікай папулярнасцю ў кітайцаў карыстаецца беларускі лён.

Как вам новость?
Головоломки