У двух вядомых мінскіх ды-джэяў канфіскавалі 350 таблетак экстазі

24.03.2010 13:49
Архив Редакция

На мінулых выходных супрацоўнікі кіравання па наркакантролі ГУУС спынілі канал распаўсюду псіхатропных рэчываў у забаўляльных установах Мінска. Па месцы жыхарства аператыўнікі затрымалі двух ды-джэяў. Як лічыць следства, яны ўдзельнічалі ў рэалізацыі наркотыкаў на гарадскіх дыскатэках. У затрыманых праваахоўнікі канфіскавалі больш за 350 таблетак экстазі.

Па інфармацыі аператыўнікаў, у кожнага з ды-джэяў былі свае сталыя спажыўцы, у тым ліку і сярод кліентаў забаўляльных устаноў. Таблеткі прадаваліся па кошце ад дзесяці даляраў за штуку. Затрыманыя 32-х і 28-і гадоў з’яўляліся даволі вядомымі і папулярнымі ды-джэямі ў дыскатэчным асяроддзі. Іх імёны ў інтарэсах следства пакуль не называюцца, паведамілі ў прэс-службе ГУУС Мінгарвыканкама.

У дачыненні аднаго з падазраваных ужо ўзбуджана крымінальная справа па арт.328, ч.3 КК («Незаконны зварот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і прэкурсораў»). У дадзены момант праводзяцца далейшыя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы па высвятленні ўсяго ланцуга канала пастаўкі.

Супрацоўнікі падраздзяленняў наркакантролю Мінска актывізавалі працу ў месцах масавага адпачынку моладзі. Толькі з пачатку бягучага года аператыўнікі раскрылі больш за дзесяць злачынстваў, звязаных з распаўсюдам наркотыкаў у розных моладзевых установах. У выніку праваахоўнікі канфіскоўвалі як наркотыкі расліннага паходжання, так і псіхатропныя рэчывы.

Как вам новость?