У Дзень Волі ўлады затрымліваюць і судзяць апазіцыянераў

25.03.2010 15:05
Архив Редакция

Перад пачаткам а 18:00 25 сакавіка ў Мінску акцыі апазіцыі, прымеркаванай да Дня Волі, беларускія ўлады правялі шэраг затрыманняў апазіцыйных актывістаў. Акрамя таго, у гэты ж дзень пройдуць суды над лідарамі некаторых апазіцыйных арганізацый, паведамляе прэс-служба Аб'яднаных дэмакратычных сіл.

З 22:00 24 сакавіка дзяжурыць міліцыя ля пад’езда заяўніка акцыі ў Дзень Волі лідара Партыі БНФ Аляксея Янукевіча. «Аляксей Янукевіч не начаваў дома. Міліцыянеры дзяжурылі ля пад’езда да позняй ночы — хацелі перадаць нейкую паперу. Што гэта за папера — позва ў суд ці папярэджанне пра бліжэйшую акцыю — невядома. Бацька хацеў узяць гэту паперу, але яму не далі. Цяпер Аляксей Янукевіч таксама не дома», — цытуе словы прэс-сакратаркі ПБНФ Кацярыны Маркоўскай сайт АДС.

25 сакавіка на праспекце Незалежнасці ў раёне парку Чалюскінцаў міліцыя затрымала актывістаў ММГА «Рух «Маладая Беларусь» Цімафея Дранчука і Антона Русіна. Па словах затрыманых, калі яны праязджалі на машыне па праспекце, невядомыя вывесілі на дамах насупраць парку бела-чырвона-белыя сцягі. Апазіцыянеры выйшлі з машыны, каб сфатаграфаваць сцягі. Зрабіўшы некалькі фатаграфій, яны паехалі далей, але неўзабаве машыну спынілі супрацоўнікі ДАІ і даставілі актывістаў ва УУС Партызанскага раёна Мінска.

У дачыненні да Цімафея Дранчука супрацоўнікі міліцыі склалі пратакол па арт. 17.1 Кодэкса пра адміністрацыйныя правапарушэнні (дробнае хуліганства). Яго вінавацяць у брыдкаслоўі на супрацоўнікаў ДАІ. Сам Цімафей Дранчук сваю віну адмаўляе. Магчыма, аналагічны пратакол будзе складзены ў дачыненні да Антона Русіна.

Двух іншых актывістаў «Маладой Беларусі» Артура Фінькевіча і Андрэя Кузьмінскага міліцыянеры адшукваюць, каб падвергнуць іх адміністрацыйнаму арышту паводле пратаколу, складзенаму 16 сакавіка. У той дзень апазіцыянеры ўдзельнічалі ў акцыі салідарнасці з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам, Уладзімірам Асіпенкам і Міхаілам Казловым і былі затрыманы міліцыяй.

Акрамя таго, на 09:00 25 сакавіка ўлады прызначылі суд над кіраўніком «Моладзі БНФ» Андрэем Крачко. А 11:00 у судзе Валожынскага раёна пачаўся разгляд справы ў дачыненні старшыні АГП Анатоля Лябедзькі.

Как вам новость?
Головоломки