У Еўропе прысуд Саннікаву лічаць палітычна матываваным

16.05.2011 09:58
Архив Редакция

Прысуд былому кандыдату ў прэзідэнты Беларусі Андрэю Саннікаву ў Еўропе лічаць палітычна матываваным і несправядлівым. Так, у афіцыйнай заяве міністэрства замежных спраў Італіі гаворыцца, што абвінаваўчы прысуд экс-кандыдату "супярэчыць еўрапейскім прынцыпам прававой дзяржавы". У сваю чаргу кіраўнік МЗС Нямеччыны заявіў, што ў прысуды апазіцыянерам "вырашальным было не права, а выкананне волі прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі".

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Італіі Маўрыцыо Масары выказаў сур’ёзную занепакоенасць прысудам «галоўнаму лідару беларускай апазіцыі». Паводле яго слоў, гэты прысуд парушае прававыя прынцыпы, накіраваныя «на абарону асноўных правоў асобных індывідаў, у лік якіх уваходзіць мірнае выказванне ўласных палітычных поглядаў», перадае РИА «Новости».

У сваю чаргу міністр замежных спраў Германіі Гіда Вэстэрвеле ад імя ўрада заклікаў беларускія ўлады перагледзець усе «палітычна матываваныя судовыя рашэнні» і вызваліць усіх зняволеных.

Занепакоенасць прысудам выказаў і міністр Вялікабрытаніі па справах Еўропы Дэвід Лідынгтан. Паводле яго слоў, Андрэй Саннікаў і іншыя фігуранты справы вінаватыя толькі ў тым, што яны спрабавалі «мірна выказаць сваё меркаванне з нагоды сфальсіфікаваных вынікаў снежаньскіх выбараў», паведамілі ў прэс-службе амбасады Вялікабрытаніі ў Мінску. Дэвід Лідвнгтан заклікаў беларускія ўлады адмовіцца ад «абранай самаізаляцыі і ўстаць на шлях адпаведнасці асноўным міжнародным стандартам правасуддзя і правоў чалавека».

У сваю чаргу ў МЗС Літвы адзначылі, што пазбаўленне волі ўдзельнікаў акцыі пратэсту ў Мінску «супярэчыць абавязальніцтвам аб асноўных правах і свабодах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе». «Свабода сходаў з’яўляецца асноўных дэмакратычным правам», — падкрэслілі ў знешнепалітычным ведамстве Літвы.

Як ужо паведамляў Тэлеграф, у суботу, 14 траўня, суд Партызанскага раёну Мінску вынес абвінаваўчыя прысуды фігурантам «справы 19 снежня». Былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў атрымаў пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, удзельнікі акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасці Ілля Васілевіч, Фёдар Мірзаянаў і Уладзімір Яроменка — па тры гады, яшчэ адзін удзельнік «Плошчы» Алег Гнедчык — 3,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Как вам новость?
Головоломки