У Гомельскай вобласці п'яны натоўп збіў міліцыянтаў

25.10.2010 12:57
Архив Редакция

Следчы аддзел пракуратуры Гомельскай вобласці па Жыткавіцкім раёне рыхтуе для перадачы ў суд крымінальную справу па факце масавай бойкі ў вёсцы Бялёў. У ходзе бойкі п'яныя маладыя людзі збілі нарад міліцыі. Крымінальная справа па арт. 364 КК Беларусі (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) распачата ў дачыненні да аднаго з завадатараў бойкі, жыхара вёскі Бялёў.

Масавая бойка, у якой удзельнічала 32 чалавекі, адбылася ў жніўні гэтага года. Канфлікт на вясковай дыскатэцы разгарэўся, калі хтосьці ўдарыў адну з дзяўчын, і тая выклікала міліцыю. На месца здарэння выехалі супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх і патрульна-паставой службы. Каля сельскага дома культуры міліцыянты заўважылі двух маладых людзей, якія біліся, і паспрабавалі іх развесці. Паколькі на заўвагі хуліганы не рэагавалі, міліцыянты ўжылі дручок і слезацечны газ, перадае БелаПАН.

На дапамогу сваім таварышам з крыкам «міліцыя нашых б’е!» кінуліся п’яныя людзі. У ходзе масавай бойкі міліцыянтаў пабілі і сарвалі з іх пагоны. Спыніць бойку ўдалося толькі пасля таго, як падаспела падмога з РАУС: міліцыянты стрэлілі ў паветра і ўжылі дручкі.

Аднаго з завадатараў бойкі даставілі на агляд у Жыткавіцкую раённую лякарню, аднак мужчына і там працягнуў хуліганіць — ударыў міліцыянта і сарваў з яго пагоны. У дачыненні да хулігана была ўзбуджана справа па арт. 364 КК Беларусі.

Чатыры з удзельнікаў масавай бойкі падалі заявы з нагоды збіцця міліцыянтамі. Двое пасля забралі заявы. Пракуратура Гомельскай вобласці правяла праверку, у выніку якой высветлілася, што ўсе міліцыянты былі цвярозыя, а астатнія ўдзельнікі бойкі — п’яныя. З матэрыялаў праверкі вынікае, што міліцыянты ўжывалі фізічную сілу і спецсродкі ў рамках закона.

Пракуратура адмовілася ўзбуджаць справу аб збіцці міліцыянтаў

Ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце збіцця міліцыянтаў падчас масавай бойкі пракуратура адмовіла, бо не было выяўлена аб’ектыўных звестак аб тым, што міліцыянтаў збівалі наўмысна. Паколькі была масавая бойка, ўдары маглі быць выпадковымі.

Акрамя таго, падчас бойкі хтосьці парэзаў шыны аўтамабіля патрульна-паставой службы. Аднак, па дадзеным факце крымінальную справу таксама не сталі ўзбуджаць — шыны былі цалкам зношанымі, а ў ходзе апытання ніхто не змог пацвердзіць, што хтосьці падыходзіў да машыны і наўмысна рэзаў пакрышкі.

Как вам новость?