У Гомельскай вобласці збілі актывіста БХД

20.09.2010 10:39
Архив Редакция

17 верасня ў Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці невядомыя збілі абласнога каардынатара аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Канстанціна Жукоўскага. У выніку збіцця апазіцыйны актывіст апынуўся ў хірургічным аддзяленні раённай лякарні з чэрапна-мазгавой траўмай.

Як паведамілі ў прэс-службе БХД, каля 13:00 Канстанціна Жукоўскага, які ехаў на этнаграфічнае свята «Кліч Палесся», затрымалі ў вёсцы Ляскавічы Петрыкаўскага раёна мясцовы капітан міліцыі Максім Маразінка і маёр з Гомелю Аляксандр Навумік.

Міліцыянты адвезлі апазіцыянера ў мясцовы пункт міліцыі, дзе пратрымалі каля пяці гадзін. Затым яго накіравалі ў мясцовае РАУС. Аднак па дарозе ў аддзяленне сувязь з Канстанцінам Жукоўскім знікла, а праз некаторы час стала вядома, што ён знаходзіцца ў раённай лякарні з чэрапна-мазгавой траўмай.

Па словах Канстанціна Жукоўскага і актывісткі БХД з Гомелю Ларысы Шчыраковай, апазіцыянера вырашылі «абясшкодзіць» перад прыездам у Ляскавічы прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага.

У лякарні каардынатар БХД па Гомельскай вобласці абвясціў галадоўку.

Как вам новость?
Головоломки