У Гомельскім раёне ад удару маланкі памёр пастух

14.07.2010 10:38
Архив Редакция

У вёсцы Зялёны сад Гомельскага раёна ад удару разраду маланкі падчас навальніцы 13 ліпеня памёр пастух калектыўнага сельгаспрадпрыемства «Чырвоны Маяк». Шквалісты дождж і ураганны вецер сталіся прычынай шматлікіх разбурэнняў у чатырох абласцях рэспублікі — Берасцейскай, Гомельскай, Гарадзенскай і Мінскай, паведамілі ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях Беларусі.

Па аператыўных дадзеных, у выніку навальніцы пацярпела 57 населеных пунктаў рэспублікі, пашкоджаны дахі 50 жылых дамоў, 99 сельскагаспадарчых будынкаў. 341 населены пункт застаўся без электрычнасці, на 14 ліпеня не адноўлена электразабеспячэнне ў 43 з іх. Дрэвы ў Мінску падаючы пашкодзілі восем аўтамабіляў.

Пацярпелі не толькі будынкі, тэхніка, але і людзі. У Лідскім раёне каля вёскі Сялец ад упалага дрэва пацярпеў дзевяцігадовы хлопчык, які адпачываў у лясным масіве разам з бацькамі. З траўмамі рознай ступені цяжкасці ён дастаўлены ў шпіталь. У Мінску па вуліцы Разінскай і завулку Горнаму таксама ў выніку падзення дрэваў некалькі чалавек атрымалі траўмы і былі шпіталізаваны.

У выніку падзення дрэва па праспекце Газеты «Звязда» быў заблакаваны выезд з тэрыторыі падстанцыі № 6 мінскай гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі. Па вуліцы Кіжаватава ўпалі будаўнічыя рыштаванні і  заблакавалі выхад з крамы «Аўтазапчасткі», размешчанай у падвальным памяшканні будынка, у якім знаходзіліся чатыры чалавекі. У абодвух выпадках ратавальнікі аператыўна прыйшлі на дапамогу.

У цяперашні час аварыйныя брыгады працягваюць весці аднаўленчыя працы, задзейнічана 153 адзінкі тэхнікі, 521 чалавек, з іх 17 адзінак тэхнікі і 60 працаўнікоў МНС.

Как вам новость?
Головоломки