У Гомелі жыхарам цэнтральных вуліц забаранілі зашкляць балконы

17.03.2011 15:18
Архив Редакция

Гомельскі гарадскі выканаўчы камітэт зацвердзіў спісы дамоў шэрагу цэнтральных вуліц горада, жыхарам якіх забароняць зашкляць гаўбцы. Гомельскія ўлады тлумачаць сваё рашэнне жаданнем "захаваць адзіны архітэктурны ансамбль і гістарычнае аблічча цэнтра горада".

Папярэдне па даручэнні губернатара вобласці Уладзіміра Дворніка спецыялісты праектных інстытутаў, адміністрацый раёнаў і гарадское ўпраўленне архітэктуры і горадабудаўніцтва правялі аналіз горадабудаўнічай сітуацыі, перадае ІА «События».

У выніку па рашэнні гарвыканкама забаранілі зашкляць балконы жыхарам жылых дамоў на вуліцах у раёне трох плошчаў — Паўстання, Леніна і Прывакзальнай: на праспекце Леніна, вуліцах Савецкай, Кірава і Працоўнай, а таксама часткова — на вуліцах Камунараў, Білецкага, Сялянскай, Ірынінскай і Інтэрнацыянальнай. Пры гэтым, як патлумачылі ва ўпраўленні архітэктуры і горадабудаўніцтва Гомельскага гарвыканкама, дэмантажаваць ужо ўсталяваныя вокны жыллёва-камунальныя службы Гомелю будуць за дзяржаўны кошт па меры правядзення бягучага або капітальнага рамонту жылля.

Акрамя таго, гарвыканкам склаў яшчэ адзін спіс, у які ўключылі жылыя дамы на цэнтральных і асноўных вуліцах горада, жыхарам якіх неабходна будзе атрымліваць комплекснае праектнае рашэнне спецыялістаў для таго, каб зашкліць гаўбец. У спіс патрапілі дамы па вуліцах Яфрэмава, Савецкай, Герояў падпольшчыкаў, праспекта Касманаўтаў, а таксама часткова па Кірава, Рагачоўскай, Багдана Хмяльніцкага, Рэчыцкай шашы, Ільіча, Міжнароднай, Барыкіна і Фрунзе.

Начальнік упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Гомельскага гарвыканкама Таццяна Усянок патлумачыла, што ў выпадку, калі ў гэтых дамах балконы ўжо зашклёныя, рамы дэмантажуюць, і далейшае рашэнне будзе залежаць ад праектнай ацэнкі.

Акрамя таго, ва ўпраўленні растлумачылі, што гэтая забарона не закране балконаў, якія выходзяць на дваровыя тэрыторыі. Тым не менш, знешні выгляд такіх балконаў таксама неабходна ўзгадняць з архітэктарам раёна і арганізацыяй, на чыім балансе знаходзіцца дом.

Как вам новость?