У Гомелі жыхары прыватных дамоў пратэстуюць супраць зносу іх жылля

15.09.2010 12:18
Архив Редакция

Жыхары васьмі прыватных дамоў на вуліцах Кніжнай і Тэльмана ў Гомелі выступілі супраць зносу іх жылля. На месцы прыватнай забудовы ў цэнтры горада, на прыкладнай плошчы 0,6 гектар плануюць пабудаваць 2 дзевяціпавярховыя дамы. Заказчыкам будаўніцтва выступіла фірма ТАА "ЦэнтрЛізінг".

Жыхары дамоў, што трапілі пад знос, 14 верасня правялі сустрэчу з прадстаўніком фірмы-заказчыка. Ён патлумачыў жыхарам, што рашэнне аб зносе дамоў вынес гарадскі выканаўчы камітэт, і ўладальнікам дамоў павінны вылучыць грашовую кампенсацыю альбо іншае жыллё, перадае БелаПАН.

Аднак, жыхары з рашэннем гарвыканкама не згодныя. «Я катэгарычна супраць зносу, — заявіла жыхарка дома па вуліцы Тэльмана Алена Рыбак. — Нас ужо 40 гадоў зносяць і ніяк не знясуць. Раней у нас былі старыя дамы, мы зрабілі рэканструкцыі, рамонты, а дом цяпер ацанілі ў такую суму, за якую я не змагу пабудаваць такое ж жыллё. Тым больш гэта немагчыма будзе зрабіць у цэнтры горада, а нам прапануюць пляцоўкі ў аддаленых мікрараёнах».

Пад знос таксама трапіў дом гомельскага апазіцыянера Канстанціна Жукоўскага. Ён заявіў пра намер адстойваць свой дом. Па яго словах, ён купіў Стары драўляны дом некалькі гадоў таму, правёў яго рэканструкцыю, капітальны рамонт, уклаўшы ў яго вялікія грошы.

«А цяпер БТІ (Бюро тэхнічнай інвентарызацыі — Тэлеграф) ацаніла мой дом па старых дакументах, калі ён яшчэ быў старым і драўляным. Гэтыя грошы, што я ўклаў ў рамонт, мне ніхто не верне. Тым больш ніхто не браў ў разлік, што дом у цэнтры горада каштуе значна даражэй, чым у якім-небудзь пасёлку на ўскраіне, куды нам і прапануюць перасяліцца», — падкрэсліў Канстанцін Жукоўскі.

«Я на сваёй зямлі ніхто. Я не маю права жыць там, дзе я купіў сабе дом, адрамантаваў яго. Ёсць праблема, што няма прыватнай уласнасці на зямлю, і гэта вялікая праблема для людзей і ў той жа час вялікая дапамога для дзяржавы. Калі чалавек не мае прыватнай уласнасці — гэта значыць, што з ім можна рабіць, што хочаш і як хочаш», — дадаў гомельскі апазіцыянер.

Больш за тое Канстанцін Жукоўскі лічыць ненармальнай сітуацыю, калі «правы замежнага інвестара ставяцца вышэй за правы простых грамадзян».

Как вам новость?