У Гомелі знеслі ўсталяваны апазіцыйнымі актывістамі крыж

10.11.2010 13:01
Архив Редакция

У Гомелі невядомыя вырвалі крыж, усталяваны 6 лістапада 2010 года грамадзянскімі актывістамі на месцы масавых пахаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Пра гэта 9 лістапада паведаміў адзін з ініцыятараў усталявання крыжа, каардынатар незарэгістраванай партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" у Гомелі, Юры Клімовіч.

«Святы крыж, усталяваны на месцы масавых забойстваў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, не дае спакойна спаць нашчадкам бальшавіцкіх катаў. Ва ўвекавечанні памяці нявінных ахвяраў яны бачаць сваю асуджанасць. Нелюдзі, якія пасвілі нас узводам АМАПа ў аранжавым аўтобусе і ў тры відэакамеры здымалі нас на працягу нашага шэсця праз увесь горад, вычакаўшы зручны час, вырвалі крыж з зямлі і выкінулі яго на звалку», — распавёў Юры Клімовіч.

Нягледзячы на гэта крыж асвяціў спецыяльна запрошаны праваслаўны святар, пасля чаго актывісты перанеслі яго на ранейшае месца, вырашыўшы пазней нанава ўсталяваць яго «там, дзе ён павінен стаяць вечна», паведамілі ў прэс-службе БХД.

Невядомыя вярнулі крыж на месца

Апазіцыйны актывіст Кастусь Жукоўскі звярнуўся ў міліцыю з просьбай знайсці вандалаў. Супрацоўнікі міліцыі папрасілі актывіста з’явіцца на месца здарэння раніцай 10 лістапада сумеснага агляду. Як аказалася, да гэтага часу крыж ужо быў адноўлены невядомымі і ўмацаваны металічнымі канструкцыямі, перадае БелаПАН.

Супрацоўнікі РАУС Гомельскага раёна склалі пратакол агляду месца здарэння і ўзялі тлумачэнні з Кастуся Жукоўскага. Па словах актывіста, ён не ведае, хто аднавіў крыж, і ў чарговы раз папрасіў знайсці і пакараць вандалаў. У размове з актывістам міліцыянты паведамілі, што, па іх звестках, зямля, дзе апазіцыянеры ўсталявалі крыж, належыць расійскаму бізнэсоўцу.

Як раней перадаваў Тэлеграф, 6 лістапада ў Гомелі прайшла акцыя памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Яе ўдзельнікі пранеслі па цэнтральных вуліцах Гомеля трохметровы драўляны праваслаўны крыж і ўсталявалі яго ў лесе за горадам на месцы масавых пахаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. У цэлым за час акцыі яе ўдзельнікі ад пачатку шэсця да месца ўстаноўкі крыжа прайшлі пешшу каля 15 кіламетраў.

Как вам новость?
Головоломки