У Горадні школьніка на легкавіку спынялі з дапамогай зброі

06.06.2011 12:11
Архив

Супрацоўнікам ДАІ УУС Гарадзенскага аблвыканкама ноччу 3 чэрвеня давялося ўжыць зброю, каб спыніць зуха за рулём легкавога Ford. Кіроўца не спыніўся па патрабаванні нарада асобнага спецыяльнага ўзвода "Дэльта", праігнараваў светлавую і гукавую сігналізацыю патрульнай машыны, спрабуючы схавацца ад пераследу. Як выявілася, за рулём Ford знаходзіўся 15-гадовы мясцовы школьнік.

Як растлумачылі ў ДАІ Горадні, падлетак вырашыў пакатацца па начным горадзе, для чаго і скраў машыну ў маці. На дарозе юны гоншчык ствараў рэальную пагрозу іншым удзельнікам руху, а пры затрыманні паспрабаваў наехаць на інспектара.

Падчас пагоні аўтамабілі заехалі ў двары, дзе капітан міліцыі ўжыў табельны пісталет для затрымання правапарушальніка. Міліцыянт зрабіў два папераджальных стрэлы ў паветра, трэцім стрэлам ён прабіў у Ford пярэдняе правае кола. Тым не менш, з прабітай шынай падлетак працягнуў рух, але далёка з’ехаць ўжо не змог.