У Горадні судзяць журналіста Пачобута

14.06.2011 13:42
Архив

У аўторак, 14 чэрвеня, у Ленінскім судзе Горадні пачаўся судовы працэс карэспандэнта польскай Gazety Wyborczej Андрэя Пачобута. Суддзя - Віталь Лецко, адвакат - Аляксандр Бірылаў. Пасяджэнне абвешчана закрытым, на яго не пусцілі нават сваякоў журналіста - яго бацькіу Станіслава і жонку Аксану, якая прыйшла да будынка суда з паўтарагадовым сынам Яраславам.

Нягледзячы на тое, што Андрэй Пачобут з’яўляецца палякам па паходжанні, на працэсе не дазволілі прысутнічаць консулу генконсульства Польшчы ў Горадні Яцэку Даліве, дыпламату заявілі, што яго няма ў спісах. Усяго каля будынку суду сабралася каля ста чалавек, супрацоўнікі міліцыі правяраюць у іх дакументы, паведамляе беларуская служба Радыё «Свабода».

Сярод прысутных — прадпрымальнік Аляксандр Васільеў, які праходзіў па адной справе са зняволеным ваўкавыскім прадпрымальнікам Мікалаем Аўтуховічам. Таксама прыехаў кіраўнік Руху «За Свабоду!» Аляксандр Мілінкевіч, які па хадайніцтве адвакатаў будзе выступаць на працэсе ў якасці сведкі. «Улады баяцца свабодных журналістаў, а не толькі палітыкаў. Таму ўлады і арганізавалі гэты працэс. Гэта пачатак канца, агонія ўлады», — заявіў ён. Па словах апазіцыянера, працэс абвешчаны закрытым, таму што доказы віны Андрэя Пачобута адсутнічаюць.

Каля суду таксама прысутнічаюць сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў і яе старшыня Жанна Літвіна, актывісты неафіцыйнага Саюза палякаў у Беларусі і прадстаўнікі праваабарончых арганізацый.

Некаторыя з прысутных апранутыя ў футболкі з надпісам «Свабоду!», Яны заяўляюць, што ў сваіх артыкулах Андрэй Пачобут нічога дрэннага не пісаў. Іншыя прысутныя трымаюць газету, на першай старонцы якой размяшчаецца партрэт падсуднага і артыкул «Пачобут са зняволення: «Мяне не зламаць». Група людзей скандуе ля будынка суду: «Свабоду Пачобуту!», іншая моліцца за вызваленне журналіста. Усе яны збіраюцца дачакацца вынікаў пасяджэння.

Стала вядома, што старшыню Саюза палякаў Анжаліку Арэхву, якая збіралася ехаць на суд, затрымалі ў сваякоў у вёсцы Лапенкі. Міліцыянты патрабуюць, каб жанчына праехала з імі, Анжаліка Арэхва адмовілася і патрабуе адваката. Раней быў затрыманы журналіст з Саюза палякаў Ігар Банцар, які таксама меў намер ехаць у суд.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, Андрэя Пачобута арыштавалі ў ноч з 6 на 7 красавіка па абвінавачанні ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу) і паклёпе на яго па (ч.1 арт.367 КК). Да гэтага журналіст знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе. Абвінавачанні прад’яўленыя за публікацыі ў Gazecie Wyborczej, «Беларускаму партызану» і асабістым блогу журналіста. Яму пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.